За некалькі дзён да балю...
Па традыцыі, Рэспубліканскі баль выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў краіны праходзіць напрыканцы чэрвеня. І выпускнікі, што становяцца яго ўдзельнікамі, заўжды з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.
А выпускнікі ВНУ культуры і мастацтва напярэдадні сустрэнуцца і з міністрам культуры краіны Паўлам Латушкам. -
Сустрэча з міністрам адбудзецца ў Нацыянальным мастацкім музеі, - паведамляе карэспандэнту "К" начальнік аддзела навучальных устаноў і працы з творчай моладдзю Міністэрства культуры Алена Рыбчынская. - Сёлетні выпуск прыпаў на год, адзначаны важнымі датамі: 120-годдзем з дня нараджэння Максіма Багдановіча і працягам святкавання юбілею мастака Івана Хруцкага. Павел Латушка, як мяркуецца, пазнаёміцца і паразмаўляе з адзінаццаццю выпускнікамі вышэйшых навучальных устаноў культуры і мастацтва ў вядучым музеі краіны...
Рыхтуючы здымак для першай паласы, за колькі дзён да падзеі мы сустрэліся з некаторымі выпускнікамі нашых творчых ВНУ. Прыгожыя і ўпэўненыя ў сабе, усе яны маюць дакладныя планы на будучыню, якімі і падзяліліся з карэспандэнтам "К".
- Я збіраюся весці актыўнае творчае і навуковае жыццё, - адзначае выпускніца факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (спецыяльнасць "мастацкі тэкстыль") Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Вераніка Багачова. - Паступаю ў магістратуру, пасля - у аспірантуру, але ўвесь час буду займацца ўласнай творчасцю. Мне здаецца, што выкладчыцкая дзейнасць будзе спрыяць майму развіццю як творцы, і наадварот. А запрашэнне на Рэспубліканскі баль было для мяне вельмі нечаканым, я нават і не марыла пра гэта! Мне па жыцці не так ужо і патрэбен стымул, каб працаваць у любімай сферы, але гэта выдатная ўзнагарода за старанне...
Выпускнік факультэта народных інструментаў (баян) Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіслаў Плігаўка зазначыў, што запрашэнне стварыла для яго святочную атмасферу:
- Ад кожнай ВНУ на баль трапляюць усяго некалькі чалавек, і для мяне вялікі гонар, што я стаў адным з іх. Гэта будзе стымул для творчага росту. Дадам, што таксама паступаю ў магістратуру, і ўжо з'яўляюся салістам Белдзяржфілармоніі. Я лічу, што прафесійнае музычнае мастацтва вельмі важнае для развіцця як асабістых якасцей чалавека, так і грамадства. Калі яно высокага ўзроўню, то і краіну ведаюць ды паважаюць за мяжой. Я стаўлю сабе за мэту папулярызаваць наша мастацтва ў розных краінах свету, рабіць так, каб яно было там прадстаўлена, каб яго пазнавалі...
А выпускніцы розных факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Іна Галаванёва, Настасся Пуцевіч, Настасся Бікбаева, Улада Цімафеева і Кацярына Беразнёва запэўнілі, што ўсе збіраюцца працаваць па спецыяльнасці - і не толькі ў час адпрацоўкі размеркавання. Што ж, у добры шлях!
А рэжысёрам Рэспубліканскага балю выпускнікоў з'яўляецца Улада Арцюкоўская. Гэтымі днямі маладыя людзі ўдзельнічаюць у рэпетыцыях да свята, якое абяцае быць цікавым і непаўторным.
...Мы пагутарылі з выпускнікамі ВНУ сферы культуры ў той час, як рабілася фота для першай паласы. Дарэчы, шчыра дзякуем за дапамогу ў арганізацыі здымак дырэктару прадпрыемства "Мінгарсвятло" Славаміру Рыневічу, а таксама машыністу аўтавышкі АГП-17 Уладзіміру Запекіну.
На здымку 1-й паласы: Уладзіслаў Плігаўка ў атачэнні чароўных выпускніц-2011 Веранікі Багачовай, Іны Галаванёвай, Настассі Пуцевіч, Настассі Бікбаевай, Улады Цімафеевай, Кацярыны Беразнёвай, Наталлі Табушавай.
Мы дамовіліся сустрэцца з тымі выпускнікамі ВНУ сферы культуры, якія былі запрошаны на Рэспубліканскі баль, каля Нацыянальнага мастацкага музея. Так атрымалася, што акурат у той самы час адтуль выйшлі таксама выпускнікі, але - Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А.Глебава. І ўжо - з дыпломамі! На ўрачыстасцях у музеі іх павіншавалі начальнік аддзела навучальных устаноў і па рабоце з творчай моладдзю Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Рыбчынская, старшыня Мінскага гаркама Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Віктар Маліноўскі, дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў, народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі...
Фота Юрыя ІВАНОВА