З гэтай нагоды выдавецтва БДУ выпусціла ў свет кнігу "Пра песню народную, "Неруш" і Валянціну". У назве выкарыстана імя Валянціны Гладкай, кіраўніка "Неруша"- заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь. Аўтар кнігі- Ніна Русаковіч, настаўнік-філолаг, якая пяць гадоў працавала над "летапісам" ансамбля. Па яе меркаванні, на Беларусі ўпершыню прадстаўлена выданне, мэта якога - стварэнне творчага партрэта самадзейнага калектыву і ягонага кіраўніка.
200 старонак, прысвечаных пераемнасці традыцый, высокамастацкай інтэрпрэтацыі фальклору ў маладзёжным асяродку, чарадзейнай магіі нацыянальнай песні. Ды плюс цудоўныя каляровыя фотаздымкі і электронны дадатак: два кампакт-дыскі з беларускімі народнымі песнямі і танцамі, запісанымі пад час фальклорных экспедыцый.
А 24 сакавіка ў Палацы культуры чыгуначнікаў адбудзецца канцэрт з нагоды юбілею "Неруша".