Вынікі спаборніцтва аказаліся нечаканымі для тых, хто не сачыў за двухтыднёвымі конкурснымі баталіямі. Прадстаўнічае журы на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Ігарам Алоўнікавым вырашыла не прысуджаць Першую прэмію. Затое кожную з астатніх дзялілі на дваіх. Лаўрэатамі Другой прэміі сталі Аляксандр Самойлаў (Украіна) і Аляксандр Панфілаў (Расія). Трэцюю падзялілі дзяўчаты: Фаціма Мярданава (Расія) і наша Улада Шацкая, якая атрымала таксама прыз Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яшчэ двое нашых піяністаў, Павел Нетук і Яўген Галанаў, сталі дыпламантамі. Уладальніцай прыза за лепшае выкананне беларускага твора стала мінчанка Кацярына Марэцкая, якая абрала п'есу Уладзіміра Кур'яна з красамоўнай назвай "Віртуоз". А прызам Мінгарвыканкама, паводле традыцыі, падтрымалі самага маладога ўдзельніка- 16-гадовага Андрэя Шычко з Бабруйска, які вучыцца ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры БДАМ.
Недасведчаным можа падацца: няўжо сярод 60 музыкантаў з 8 краін, кожны з якіх вытрымаў вельмі складаныя конкурсныя ўмовы, не знайшлося лепшага? Усё нашмат прасцей: сярод мноства добра падрыхтаваных, высокапрафесійных музыкантаў не было бясспрэчнага лідара, як гэта здаралася ў мінулыя гады. І журы прыняло папраўдзе справядлівае рашэнне: не ствараць гэтага лідара штучна, тым самым узняўшы конкурсную планку яшчэ вышэй.
Так што галоўнай віноўніцай урачыстасці на закрыцці конкурсу стала згаданая скрыпка Андрэа Гварнеры ў руках Улады Беражной - студэнткі 3-га курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дарэчы, гэта быў ужо не першы "выхад у свет" рарытэтнага інструмента ў руках новай гаспадыні: скрыпка была апрабавана на прэстыжным міжнародным конкурсе ў Славакіі, дзе Улада выйшла ў фінал. Пачуем мы новы інструмент і на традыцыйным справаздачным канцэрце стыпендыятаў фонду Прэзідэнта, што ладзіцца звычайна ў канцы года.
(Падрабязны аналітычны агляд фартэпіяннага конкурсу чытайце ў наступным нумары "К".)