У маштабным праекце - больш за 100 жывапісных і 50 графічных твораў, адабраных на конкурснай аснове, выкананых у рознай тэхніцы і жанрах, знаёмяць з аўтарскім успрыняццем мастакамі падзей 600-гадовай даўніны: слаўнай перамогі пад Грунвальдам.
Сярод іх - жывапісныя палотны, прысвечаныя непасрэдна гэтай падзеі - "Грунвальдская бітва" Гаўрылы Вашчанкі, "На бітву з крыжакамі" і "Вітаўт" Генрыха Ціхановіча, "Пасля Грунвальда" і "Вітаўт - пераможца" Ігара Лыскаўца, - графічныя творы "Грунвальдская бітва" і "Вітаўт Вялікі" Міхася Басалыгі, сёлетняя работа Арлена Кашкурэвіча "Віват, Літва!", твор-рэканструкцыя "Крыжакі пад Наваградкам" Віктара Сташчанюка, створанае ў іканаграфічнай манеры палатно Валерыя Зайцава "Вітаўт. Жыціе". Пры гэтым у цэнтры многіх твораў можна ўбачыць шмат сімвалічных вобразаў, выявы тагачаснай зброі, па-мастацку апрацаваныя карты Вялікага Княства Літоўскага.
Акрамя таго, на выстаўцы дэманструецца сумеснае палатно беларускіх, літоўскіх і польскіх ліцэістаў памерам 3,5 х 7 метраў, якое было напісана пад час пленэру па карціне вядомага мастака Яна Матэйкі "Грунвальдская бітва" ў Польшчы.
Аднак не ва ўсіх прадстаўленых на суд гледачоў творах адчуваецца гістарычная вобразнасць. Многія з іх прысвечаны нашым нацыянальным героям, але зусім іншых эпох. Пры гэтым, апроч Вітаўта і Ягайлы, на карцінах даволі цяжка знайсці ваяроў менавіта самога Грунвальда. А прымалі ўдзел у бітве не адна і не дзве харугвы з беларускіх гарадоў. Складваецца ўражанне, што некаторыя мастакі не пазнаёміліся з работамі айчынных гісторыкаў, якія аднавілі ход тагачасных падзей надзвычай дакладна.
Затое ў межах прадстаўнічага мастацкага праекта экспануюцца макеты рэканструкцыі амаль цалкам знішчаных помнікаў архітэктуры, якія былі выкананы вучнямі мінскай гімназіі №75 пад кіраўніцтвам настаўніцы выяўленчага мастацтва Таццяны Вайтэнка. А адчуць атмасферу свята перамогі над крыжакамі дазваляюць прадстаўленыя фотаздымкі Леаніда Касабуцкага, зробленыя ім пад час сёлетняй рэканструкцыі вялікай бітвы, што прайшла ў ліпені ў Польшчы. У ёй прымалі ўдзел і беларускія аматары даўніны.