Гонар яго - першы том сацыяльна значнага выдання "Гісторыя беларускай літаратуры ХІ - ХІХ стагоддзяў" у 2-х тамах. Актуальным бачыцца перавыданне "Арфаграфічнага слоўніка беларускай мовы" пад рэдакцыяй А.А. Лукашанца. Цікавым для чытача будзе том "Беларускі народны касцюм: крой, вышыўка і дэкаратыўныя швы", прызначаны для тых, хто цікавіцца традыцыямі вышыўкі на Беларусі і захоча самастойна стварыць нацыянальны касцюм па старадаўніх тэхналогіях.
Працягам этнакультурнага накірунку дзейнасці выдавецтва стала кніга "Беларусы: Сучасныя этнакультурныя працэсы". У выданні ўпершыню ў айчыннай этналогіі аналізуюцца сучасныя этнакультурныя працэсы, развіццё навуковай думкі аб паходжанні беларусаў, асноўныя фактары этнакультурнай дынамікі.