Гэта ж пацвердзіла са сцэны і дырэктар музея Святлана Лакотка, нагадаўшы, што свята ўкраінцаў не ўпершыню прымаюць пад Мінскам. "І мы заўжды рады пашырэнню супрацоўніцтва", - падкрэсліла яна.
Гэтым разам Дзень Украіны завяршаў праграму Рэспубліканскага свята разьбяроў па дрэве. Яго ўдзельнікі- майстры народнай творчасці Валерый Казлоўскі, Васіль Сілко, Віктар і Фёдар Клумко - пакінулі музейшчыкам і наведвальнікам скансена ўвасобленыя ў дрэве фігуры русалкі, вадзяніка ды іншых міфалагічных персанажаў. Падаецца, яны, па правядзенні яшчэ некалькіх разьбярскіх форумаў, могуць аздобіць музейную тэрыторыю сапраўднай алеяй.
А што ж падрыхтавалі ва ўстанове на Дзень Украіны? Цягам некалькіх гадзін для гасцей скансена выконваў украінскія і беларускія традыцыйныя ды апрацаваныя народныя песні народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль "Палескія перазвоны" з Кобрына, працавалі невялікія стэнды з лялькамі-матанкамі, пісанкамі...
Па завяршэнні падзеі наш карэспандэнт распытаў у Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Рамана Бязсмертнага пра найбліжэйшыя планы Пасольства ў сферы культурнага супрацоўніцтва з нашай краінай.
- Праектаў - багата. І найбліжэйшы з іх - прыём у гонар Дня Незалежнасці нашай краіны, куды мяркуем запрасіць добрых музыкантаў. А з восені распачнём працу па наладжванні тэматычных паказаў украінскіх фільмаў. Шмат планаў звязана з працай Культурна-інфармацыйнага цэнтра. Налета мяркуем правесці праграму па прэзентацыі дванаццаці рэгіёнаў Украіны. Ёсць ідэя ініцыяваць сумесную студэнцкую этнаграфічную, археаграфічную экспедыцыю, каб падрыхтаваць зборнікі, магчыма, нават у фармаце CD. Паколькі даводзілася некалі ладзіць мер а п р ы емствы накшталт сённяшняга "Фэсту разьбяроў" у вашым музеі, мяркую, беларускаму гледачу будзе цікавая і наша разьба па камені або дрэве. А ўвогуле, зазначу, тэма культурная- бязмежная, і яна залежыць шмат у чым ад ініцыятывы і жадання людзей. Тым больш, калі гаворка - пра беларусаў і ўкраінцаў, звязаных агульнымі старонкамі гісторыі.