Кніга "Ваяры Грунвальдскай бітвы", надрукаваная пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі нашай краіны, выйшла ў свет у выдавецтве "Беларусь". Гэты том, аздоблены унікальнымі архіўнымі і мастацкімі выявамі, падрабязна расказвае пра падзеі, што папярэднічалі Грунвальду, у прыватнасці - пра ўмацаванне пазіцый крыжакоў у Прыбалтыцы пачынаючы з ХІІІ стагоддзя, напружанае процістаянне з тэўтонамі ў ХIV ст., а таксама пачатак вайны і баявы патэнцыял варагуючых бакоў.
Аўтар кнігі, доктар гiстарычных навук Юрый Бохан пад час прэзентацыі падкрэсліў, што перамога пры Грунвальдзе з'яўляецца не шараговай, адной з многіх, а мае надзвычай важнае значэнне. Навуковец зазначыў: "Да гэтай падзеі Вялікае княства Літоўскае ўспрымалася іншымі краінамі пераважна як аб'ект крыжацкай агрэсіі. І толькі пасля здабыцця перамогі ВКЛ сталі ўспрымаць як еўрапейскую краіну".
Адной з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечча прысвечаны і камплект з 16 паштовак "Грунвальдская бітва ў выявах", які падрыхтаваны па матэрыялах з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: гравюрах, рэпрадукцыях, ілюстрацыях. Нягледзячы на абмежаваны тыраж, кожная з паштовак мае вялікую цікавасць для калекцыянераў і аматараў гісторыі.
На здымку: вокладка камплекта паштовак "Грунвальдская бітва ў выявах" з калекцыі НББ.