Як сведчаць вынікі археалагічных раскопак, першыя музычныя інструменты з'явіліся на сумежных з Беларуссю землях яшчэ ў пару палеаліту. Так, на паселішчах гэтай пары - каля вёсак Мезін Чарнігаўскай вобласці, Гарадок Ровенскай вобласці і Касцёнкі Варонежскай вобласці - выяўлены прылады, вырабленыя з косці маманта, на якіх захаваліся сляды ад рытмічных удараў, што, на думку некаторых даследчыкаў, можна разглядаць як пачатковыя формы музычных інструментаў для ўзнаўлення рытмічных гукаў у час адпраўлення нейкіх магічных дзеянняў, звязаных з паляваннем.
Самыя ж раннія музычныя інструменты на тэрыторыі Беларусі знойдзены ў паселішчы Дубакрай, каля возера Сенніца, што размешчана на памежжы Віцебскай і Пскоўскай абласцей. Знойдзеныя тут дзве касцяныя флейты ўяўлялі з сябе прамыя трубкі з пяццю гукавымі адтулінамі. Фрагмент жалейкі (дудкі), зробленай з косткі дробнай птушкі, быў выяўлены і пры раскопках неалітычнага паселішча Асавец у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. Агульная даўжыня фрагмента гэтай жалейкі была 5 см; памеры яе ў сячэнні - 7 х 10 мм. Дыяметр адтулін на дудцы - 3 мм. Датуюцца гэтыя знаходкі IV - ІІІ тыс. да н. э.
Прыкладна да гэтай жа пары адносяцца і знаходкі свісткоў, выяўленых на паселішчы Камень Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Самы вялікі з іх мае даўжыню 11,2 см і дыяметр 4 см. Ён быў зроблены з галёначнай косткі бусла. Астатнія былі меншыя па памерах.
У бронзавым веку, што панаваў у Беларусі ў ІІІ - пачатку І тыс. да н.э., былі вядомы ўжо шматствольныя флейты. Меркаваць пра гэта можна па выніках раскопак некаторых помнікаў так званай лужыцкай культуры, што была распаўсюджана на тэрыторыі Польшчы, а таксама, часткова, на паўднёвым захадзе Беларусі.
Ад ранняга жалезнага веку, які доўжыўся на Беларусі ад VII ст. да н.э. па 5 ст. н.э., дайшлі да нас дудкі-свісцёлкі, знойдзеныя на гарадзішчы Гарані Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Іх даўжыня - 7,1 см. Абодва бакі костак акуратна зрэзаны пад прамым вуглом. Па баках зроблены адтуліны. Як адзначае даследчык дадзенага помніка Я.Звяруга, на гэтых дудках і сёння можна сыграць сякі-такі напеў. Падобная да гэтай дудкі рэч знойдзена і ў Слуцку, праўда, яна адносіцца ўжо да ХІІ - ХІІІ стст.
У часы Сярэднявечча, акрамя ўжо вядомых дудак, жалеек і флейтаў, з'яўляюцца новыя музычныя прылады. Так, пад час археалагічных раскопак старажытнага горада Друцка, што ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці, быў знойдзены рэдкі музычны інструмент - варган.
Што ж гэта за інструмент, як на ім гралі? Слова "варган", відаць, паходзіць ад стараславянскага "варгі" - "вусны". Гэта самагучны язычковы інструмент. Выраблены ён з жалеза, мае падковападобную форму з паралельна падоўжанымі канцамі, паміж якімі праходзіць прымацаваны пасярэдзіне галоўкі язычок - тонкая стальная пласцінка. Памеры яго - невялікія: троху больш за 5 см у даўжыню. У час ігры варган прыціскалі да вуснаў, рот выконваў ролю натуральнага рухомага рэзанатара, язычок жа зашчыпвалі ўказальным пальцам правай рукі. У выніку бесперапыннай вібрацыі язычка ўзнікаў гук нязменнай вышыні. Даследчык старажытнага Друцка Л.Аляксееў адзначаў, што гэты музычны інструмент быў знойдзены ў княжацкай частцы горада. Аналагічныя музычныя інструменты знойдзены ў Полацку і ў Лідскім замку.
А вось пры раскопках старажытнага Ваўкавыска археолагам трапілася шахматная фігурка ў выглядзе вайсковага музыканта-барабаншчыка. Праз плячо ў гэтага зухаватага малайца на почапцы быў падвешаны бочачкападобны барабан. У правай жа руцэ воін трымае вашчагу - драўляную палачку з патаўшчэннем на канцы. Відаць, у ХІІ ст. на Беларусі гэты інструмент ужо быў вядомы, калі майстра, разьбяр па косці, забяспечыў фігурку ваеннага музыкі менавіта такім прадметам.
А дуда? Што яна ўяўляла з сябе? Дуда - гэта скураны мех з маленькай трубачкай - "соскай" - для напаўнення паветрам інструмента і некалькімі ігравымі трубачкамі. У час ігры дудар надзімае мех, націскае на яго локцем левай рукі і прымушае гучаць. У Заходняй Еўропе падобны інструмент больш вядомы пад назвай "валынка". Менавіта такі мех ад дуды і быў знойдзены аўтарам на Верхнім замку Віцебска ў 1978 г. Памеры яго - 25 х 29 см. У версе меха ёсць два скураныя соплы пад ігравыя дудкі, збоку - адтуліна, прашытая па краях: відаць, для "соскі". Доўгі час, на падставе звестак з пісьмовых крыніц, лічылася, што дуда на Беларусі з'явілася толькі ў XVI ст. Віцебская ж знаходка на трыста гадоў павялічыла гэты "ўзрост".
І, нарэшце, гуслі. На Старым замку Гродна ў пласце ХІІІ ст. быў знойдзены драўляны калок пад струны гусляў. Аналагі такіх калочкаў добра вядомыя спецыялістам у галіне гісторыі музычных інструментаў па раскопках Ноўгарада. А ў 1993 г. на Верхнім замку Віцебска ў слаі ХIV ст. быў знойдзены яшчэ адзін калок ад гусляў. Даўжыня яго - 8,2 см. Калочак меў выразаную галоўку, якая плаўна пераходзіла ў стрыжань, круглы ў сячэнні, дыяметрам 1,5 - 1,6 см. Даўжыня самой галоўкі - 2,5 см. Яе памеры ў сячэнні - 2,7 х 1,5 см. У галоўцы мелася скразная адтуліна памерамі 1,1 х 1,5 см. Выраблены калок быў з драўніны ліставой пароды.
Пра высокі ўзровень развіцця музыкі на Беларусі ў сярэднія вякі сведчыць і той факт, што абраны польскім каралём Ягайла ўзяў з сабой у Кракаў некаторых музыкаў з Беларусі. Напрыканцы ХV - на пачатку ХVI ст. прыдворнай капэлай вялікага князя літоўскага і караля Польшчы кіраваў вядомы беларускі спявак і музыкант Чурыла. Вядома, што спяваў Чурыла на беларускай мове пад акампанемент лютні.
Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, дацэнт БДПУ імя М.Танка, археолаг
На здымках: вайсковы музыкант-барабаншчык ХІІ ст. (шахматная фігурка з раскопак Г.В. Штыхава ў Лукомлі); "Рысунак места Віцебска".