Рэжысёр мерапрыемства - Вячаслаў Панін, галоўны рэжысёр Маладзёжнага тэатра эстрады. Вось што ён паведаміў "К" пра структуру дзеі будучага фэсту:
- Трэба памятаць, на якой слаўнай зямлі мы жывём, з чаго пачыналася дзяржаўнасць Беларусі, што за асобы нястомна мацавалі яе стагоддзі таму... Менавіта такую сілу духу мы імкнёмся адлюстраваць, увасобіць на Свяце старажытнай культуры ў Навагрудку. Будзе, натуральна, маштабная рэканструкцыя падзей 1410 года з удзелам рыцарства, ажывуць, безумоўна, велічныя асобы Вітаўта і Ягайлы... Госці фэсту ўбачаць "рэстаўраваную" тагачасную культуру ва ўсіх яе мастацкіх праявах...
У Свяце старажытнай культуры ў пракаветным горадзе на Гродзеншчыне прымуць удзел усе ўстановы культуры Навагрудка, у тым ліку і Дом-музей Адама Міцкевіча. Як распавядае "К" дырэктар гэтай установы Мікалай Гайба, пад час фэсту ў музеі будзе дзейнічаць выстаўка "Успамін пра Грунвальд". На ёй будуць прэзентавацца 60 работ пяці фатографаў (Віталя Раковіча, Артура Гапановіча і іншых), якія штогод наведваюць Грунвальдскае поле.
У вернісажы прымуць удзел прадстаўнікі шматлікіх айчынных і замежных рыцарскіх клубаў, а ў выставачнай галерэі будзе гучаць сярэднявечная музыка.
Наш кар.