Кастынгі на ўдзел у конкурсе выклікалі ажыятаж ва ўсіх рэгіёнах краіны: паспрабаваць сябе прыйшлі паўтары тысячы прыгажунь. А ўжо пачынаючы з 28 сакавіка гледачы АНТ змогуць даведацца, хто з трыццаці лепшых атрымае ўзнагароды. У фінальным шоу напрыканцы красавіка (а яно адбудзецца ў Палацы спорту) свае лепшыя якасці прадэманструюць толькі дзесяць удзельніц, а пяць з іх чакаюць званні “Міс Беларусь-2010”, “Першая Віцэміс”, “Другая Віцэміс”,“Міс Сяброўства” і “Міс Дабрачыннасць”.
Цягам месяца дзяўчаты будуць займацца са спецыялістамі па вакале, харэаграфіі, сцэнічнай мове, касметолагамі, цырульнікамі. Спартыўныя трэніроўкі будуць вельмі сур’ёзнымі, бо ацэньваць удзельніц у намінацыі “Міс Спорт-2010” прызначаны такія прафесіяналы, як алімпійскія чэмпіёны — фрыстайліст Аляксей Грышын і легкаатлетка Яніна Карольчык... Толькі некалькі гадзін на тыдзень у прыгажунь будзе вольны час, каб сустрэцца з роднымі, бо з ранку да вечара яны рыхтуюцца да выступленняў.
Дарэчы, найбольшая колькасць дзяўчат прадставіць на “Міс Беларусь2010”Міншчыну і сталіцу — па шэсць чалавек, з Гомельскай вобласці — пяць удзельніц, з Гродзенскай — чатыры, з Магілёўскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей — па тры канкурсанткі.
Як і пад час “Міс Беларусь-2008” і “Міс Інтэркантыненталь”, рэжысёрам фіналу выступіць Наталля Петухова. У самім шоу будуць выкарыстаны новыя элементы, якія пакуль захоўваюцца ў сакрэце.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ