На думку яе дырэктара Сяргея Вечара, паўстала неабходнасць адзначаць прыхільнікаў музея. Для гэтага было распрацавана пасведчанне, што даецца за асабісты ўнёсак у справу захавання айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны. Першымі ім уганараваны жонка Прэм’ерміністра краіны Людміла Сідорская, якая летась перадала ў Нацыянальны гістарычны музей тры лічбавыя копіі, зробленыя з карцін са збору Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі, архібiскуп Тадэвуш Кандрусевiч, спонсары і мецэнаты музея.
На гэтым жа тыдні адкрылася выстаўка твораў пад назвай “Экспануецца ўпершыню. З паступленняў 2009 года ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь”. Усяго за названы тэрмін сховішчы гэтай скарбніцы атрымалі больш за 15 тысяч прадметаў, у экспазіцыі ж прадстаўлена 146 з іх.
Сяргей Вечар падкрэсліў, што ў сваёй працы музей абапіраецца на дзейсную падтрымку з боку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, дзякуючы якому быў набыты шэраг каштоўных экспанатаў. Акрамя таго, прадметы, звязаныя з гісторыяй роднага краю, паступілі ў фонд за кошт заробленых музеем сродкаў. Папаўнялася калекцыя ўстановы і па выніках археалагічных раскопак супрацоўнікаў музея на Браслаўшчыне, а таксама выпадковых знаходак прыхільнікаў установы. Як адзначыла загадчык інфармацыйна-выставачнага аддзела музея Вераніка Сасноўская, упершыню атрыманы прадметы царкоўнага адзення і асабістыя рэчы архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і Уладыкі Філарэта. Вялікую каштоўнасць маюць і унікальныя старадрукі XVII ст. з бібліятэкі бернардзінскага кляштара ў Будславе. На выстаўцы можна пабачыць калекцыю фарфору са збору Мінскага фарфоравага завода, лічбавыя копіі партрэтаў магнатаў XVIIІ стагоддзя, спартыўную форму беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Пекіне.
Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі выказаў спадзяванне, што ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у бліжэйшы час будзе створаны апякунскі Савет, які зоймецца прыцягненнем мецэнатаў і спонсараў.