Ці стануць паляшуцкія “бізнес-праекты” прыбытковымі?
Турпраект “К”: велатур па Палессі
Частка І
Фартушкі і прысмакі як турыстычныя брэнды
З’яўленне такога “турыстычнага” матэрыялу на старонках нашай рубрыкі “Родная зямля: час крэатыву” — не выпадковасць. Карэспандэнты “К” не толькі праехаліся па знакавых і слынных мясцінах гасціннага Палескага краю, але і ўзнялі шэраг праблем устаноў культуры рэгіёна. Да пошуку вырашэння такіх сітуацый заклікалі нас таксама і Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады, Дзяржаўная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007 — 2010 гады, якая скіравана на захаванне, утрыманне і выкарыстанне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё турыстычнай дзейнасці і мясцовай традыцыйнай культуры, умацаванне матэрыяльнай базы сацыякультурнай сферы.
“Мы павінны зрабіць Палессе самаакупным рэгіёнам, каб людзі жылі тут годна...” — агучыўшы некалькі месяцаў таму гэты пасыл, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адразу ж назваў і найважнейшы рэсурс ажыццяўлення пастаўленай задачы: развіццё турызму. Відавочна, турыстычны патэнцыял Палесся мае сваю спецыфіку. Ён не ляжыць на паверхні мора і не праглядаецца за кіламетры, бы вяршыні гор. Не надта шмат там і выбітных помнікаў архітэктуры. Зацікавіць гэты край можна перадусім іншым: некранутай прыродай і аўтэнтычнай культурай. Апошняя, у сваю чаргу, таксама не кідаецца ў вочы, быццам яркія рэкламныя шчыты, — яна патрабуе прывабных і зручных для турыстаў форм рэпрэзентацыі. Пытанне іх пошуку асабліва актуальнае ў Год роднай зямлі — найлепшы час, каб зведаць ейныя дзівосы і таямніцы ды адкрыць іх для ўсіх прагных на новыя ўражанні. Асаблівую ўвагу мы надзялілі турыстычнага патэнцыялу ўстаноў культуры Рэспублікі. Нездарма ў цэнтры ўвагі плана мерапрыемстваў Міністэрства культуры краіны па рэалізацыі Нацыянальнай праграмы развіцця турызму Рэспублікі Беларусь на 2008 — 2010 гг. знаходзіцца рэгіён Палесся.
...Гэтых аргументаў нам падалося дастаткова, каб абраць месцам правядзення чарговага, ужо традыцыйнага, велапраекта “К” менавіта Палессе. Пяцідзённы маршрут, створаны і апрабаваны ўдзельнікамі праекта, праходзіў ад Драгічына амаль да самай усходняй мяжы Брэсцкай вобласці.