Жанр рэвю — “агляду”, што набыў асаблівую папулярнасць на пачатку ХХ стагоддзя, патрабуе сюжэтнай канвы, на якую нанізваліся б самыя разнастайныя “пазычаныя” нумары. У спектаклі такім стрыжнем становіцца сцэнічная сітуацыя кастынгу і далейшых “рэпетыцый” асобных мюзіклавых сцэн. Пры гэтым артысты выступаюць адразу ў некалькіх ролях, выконваюць сольныя нумары, удзельнічаюць у дуэтах, трыо, “масоўках”. І— ніводны з іх не “выязджае” на раней распрацаваных “тыпажах”. Ва ўсіх — знаходкі. Ну хто калі чакаў, што Людміла Сучкова, спрактыкаваная на іміджы “вечнага Бураціна”, гэтак зайздросна пачне змяняць маскі — ад сцярвозна-нервовай памочніцы рэжысёра да жанчыны, здольнай на забойства? Што лірычная Ілона Казакевіч ператворыцца ў гуллівае кацяня? А актрыса Купалаўскага тэатра Юлія Шпілеўская паўстане няўпэўненай правінцыялкай? Што Кацярына Дзегцярова, маючы трохгадовага сына і аднагадовую дачку, выйдзе за вечар ледзь не ў дзесятку роляў? І ўсе — “у дзесятку”, уключаючы мужчынскую ролю гангстэра. У некаторых эпізодах змена аблічча была такой кардынальнай, што пазнаць Кацю можна было хіба па тэмбры голасу: надзвычай адметным, з унікальнай “пачуццёвай” вібрацыяй.
Не здзіўлюся, калі пры наступных паказах заспявае-затанцуе нават піяніст Аляксей Ішчанка, які цудоўна выступае канцэртмайстрам.
“Кастынг” на само рэвю прайшлі акурат 12 чалавек (акрамя згаданых удзельнікаў, — заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Пятліцкая, артысты Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Аляксей Грыненка, Дзмітрый Якубовіч, Дзяніс Нямцоў, з Рускага тэатра — Алена Дуброўская, выхаванец Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Дзяніс Мальцэвіч, юная зорачка, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Крысціна Святлічная). І гэтая лічба, што ўзнікла абсалютна спантанна, з’яўляецца шмат у чым сімвалічнай. Яна надае спектаклю незапланаваныя прыкметы… старажытнагрэчаскага тэатра, дзе з’яўленне на сцэне “хору” з 12-ці чалавек азначала “аб’ектыўны каментарый” да дзеяння. Дарэчы, каментарыі ў спектаклі “Прывітанне, Брадвей!” дае “голас за
Яму было амаль 70, калі ён паставіў “Джулію” Уладзіміра Кандрусевіча — першы, можна сказаць, паўнавартасны беларускі мюзікл. Ён жа працаваў і над наступным мюзіклам гэтага кампазітара — “Шклянка вады”, які і дагэтуль ідзе на сцэне Музычнага тэатра.
— Адкрыты да ўсяго новага, цікавага, — распавёў аўтар праекта, яго харэограф-пастаноўшчык (у сааўтарстве з А.Грыненкам) Дзмітрый ЯКУБОВІЧ,— Барыс Пятровіч быў для нас прыкладам творчай апантанасці. Да некаторых фрагментаў з мюзіклаў, што ўвайшлі ў рэвю, мы звярталіся яшчэ пад час вучобы, пад яго кіраўніцтвам. Іншыя нумары гучалі ў Беларусі ўпершыню (тэксты пераклалі з англійскай мовы, як звычайна, Аляксей і Настасся Грыненкі, аранжыроўкі зрабіў Уладзімір Ткачэнка). Утораў вучыў не блытаць маскультуру з назапашваннем лепшага сусветнага вопыту. Сярод амерыканскіх мюзіклаў ёсць як касавыя, так і дастаткова элітарныя. Гэта цудоўная музыка! І ўвядзенне яе ў гукавую прастору можа дапамагчы і нашым творцам у іх пошуках.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА