МІЛЬЯРДЫ, АД ЯКІХ ВЫРАСТАЮЦЬ КРЫЛЫ
Артыкул гэты — невыпадковы. Ён з’яўляецца лагічным працягам чэрвеньскай публікацыі нашай газеты (“К” № 24, 2008 г.) “Навука асвойваць грошы”, дзе акцэнт рабіўся на аналіз сістэмнага падыходу да ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ў культурнай прасторы Івацэвіцкага раёна Брэстчыны.
Прайшоў час, і натуральным падалося жаданне пацікавіцца, з якімі вынікамі за 2008-ы спрацаваў у гэтым кірунку мясцовы аддзел культуры.
Здабыткі, як і чакалася, аказаліся больш чым важкія. На рамонт і ўзвядзенне ўстаноў культуры ў рэгіёне асвоена летась амаль паўтара мільярда рублёў. Да сямі наяўных аграгарадкоў цягам мінулага года дадалося яшчэ тры: “Целяханы”, “Гошчава”, “Даманава”. Паказальнымі падаюцца і першыя тыдні бягучага года: 23 студзеня ў аграгарадку “Хадакі” з удзелам прадстаўнікоў абласных улад быў урачыста адкрыты сельскі Дом культуры, на ўзвядзенне якога выкарыстана больш за мільярд рублёў (600 мільёнаў — з абласнога бюджэту, ільвіная доля — з раённага)...
Не, нездарма начальнік аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любоў Фосцікава ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Вопыт прафесіянала, які ўпэўнены, што без капіталаўкладанняў культура на сённяшнім этапе не будзе даваць аддачу, які ведае, куды, на што і як трэба выкарыстоўваць грошы, варты павагі ды пераймання.