Фота: molmk.by
“60 гадоў — толькі пачатак!” — гаварылася ў відэавізітцы ў пачатку ўрачыстасці. Узгадваліся часы, калі толькі што створаны аркестр пачаў развіваць Юлій Дзмітрэнка. Менавіта ён увёў у рэпертуар маштабныя класічныя творы, для выканання якіх патрабавалася прафесійная падрыхтоўка. Пад трыдцацігадовым кіраўніцтвам Юлія Паўлавіча духавы аркестр неаднаразова станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу аркестравых і харавых калектываў сярод сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтва, здзяйсняў гастрольныя паездкі па Беларусі.
Наступны кіраўнік аркестра Марцалін Дабравольскі — дасведчаны, высокапрафесійны музыка, таленавіты і прынцыповы выкладчык. Асаблівую ўвагу ён звяртаў на выбар музычных твораў, якія павінны быць цікавымі і карыснымі для навучэнцаў-аркестрантаў і пачынаючых дырыжораў, а таму цяперашні рэпертуар духавога аркестра вучылішча вельмі разнастайны.
У 1995 годзе аркестру было нададзена званне народнага. Маладзечанскія музыканты станавіліся лаўрэатамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Дасюль кожны год духавы аркестр прымае ўдзел у рэспубліканскіх і абласных фестывалях духавай музыкі. З 2014 года кіраўніком калектыва становіцца малады дырыжор, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Аляксей Андрэеў. Новы кіраўнік працягвае развіваць традыцыі, закладзеныя яго папярэднікамі. Калектыў супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі выканаўцамі, удзельнічае ў разнастайных фестывалях і конкурсах, з’яўляецца ўпрыгожваннем урачыстасцей.
Сама праграма віншавальнага канцэрта змяшчала сучасны рэпертуар, цікавыя спалучэнні музычнага выканальніцтва, харэаграфіі, акцёрскага майстэрства. Яркія і запамінальныя сусветныя хіты прагучалі ў папуры на мелодыі гуртоў “Queen”, “The Rolling Stones”, “ABBA”, а таксама сусветных зорак: Майкла Джэксана, Adele у сумесным выступленні з хорам “For-Te”, а таксама салістаў Лады Смолік і Яўгена Андрыца.
Але ў рэпертуары аркестра, безумоўна, ёсць і акадэмічныя палотны, традыцыйныя маршы і песні, якія гучаць падчас фестываляў і шэсцяў, асабліва ў Дзень Перамогі 9 мая.
Крэатыўны выступ нікога не пакінуў абыякавым. Сёння калектыў са сваім кіраўніком упэўнена крочыць па шляху прафесійнага ўдасканалення. Гэта залог будучых поспехаў і пашырэння кола аматараў духавай аркестравай музыкі.