Сяргей Гарбачоў, начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама:
— Так, наданне статусу культурнай сталіцы на бягучы год нашаму гораду было запланавана на 12 сакавіка. Але яшчэ напярэдадні ў Оршу прыехалі начальнікі абласных аддзелаў культуры і галоўных рэспубліканскіх устаноў галіны, каб разам правесці семінар або дыялогавую пляцоўку наконт асноўных нашых праблем. Была абмеркавана музейная, бібліятэчная справа, работа дамоў творчасці. Лічу, гэта была вельмі патрэбная сустрэча калег, бо за працоўнымі буднямі іншым часам не знаходзіцца магчымасці падзяліцца досведам.
Палац культуры Оршы, які быў адрэстаўраваны ў 2020 годзе, стане святочным цэнтрам адкрыцця Культурнай сталіцы Беларусі — 2022. Выступяць лепшыя калектывы Аршаншчыны, а таксама сталічныя артысты: Тэа, Вольга Рыжыкава, фолк-група “Лялькі”. У кульмінацыі канцэрта з прамовай з нагоды свята выступіць міністр культуры Анатолій Маркевіч. Далей на працягу ўсяго года, сапраўды, мы зробім магчымасць зацікавіць аршанцаў значнымі культурнымі падзеямі, а таксама прыцягнуць у горад гасцей з усіх куточкаў краіны і замежжа.
15 сакавіка краіна будзе святкаваць Дзень Канстытуцыі. У новым Асноўным Законе значную ролю набывае Усебеларускі народны сход. Ці ёсць, на ваш погляд, магчымасць сумеснымі намаганнямі прадстаўнікоў Усебеларускага народнага сходу і супрацоўнікаў культуры стымуляваць развіццё галіны культуры?
Юрый Кітурка, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея:
— І дагэтуль, і сёння Усебеларускі народны сход добра спраўляўся са сваімі абавязкамі. Што тычыцца работы ўстаноў галіны, то яны кіруюцца Кодэксам аб культуры, распрацаваным Міністэрствам культуры. Цяпер ён праходзіць значнае ўдасканаленне, якое дасць магчымасць больш плённа працаваць. З іншага боку, лічу, сумеснымі намаганнямі Усебеларускага народнага сходу і міністэрства трэба рабіць усё належнае, каб новыя важныя заканадаўчыя акты, датычныя сферы культуры, шматгаліновага выхавання моладзі на падмурку нашых гістарычных каштоўнасцей былі прыняты. Усё гэта будзе нам карысна.
Пэўны час ідзе гаворка пра тое, каб перавесці рэспубліканскія тэатры на большае самафінансаванне. Палову свайго агульнага бюджэту гэтыя ўстановы культуры будуць зарабляць самі, другая палова будзе аплачвацца дзяржавай. Ці рэальна ў хуткім часе тэатрам перайсці на такую схему?
Ганна Сенькавец, генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы:
— Лічу, што на дадзены момант гэта магчыма. Напрыклад, мы за мінулы год выканалі гэтае прадпісанне. Сакрэтаў у заробку грошай няма: тэатральныя паказы, фестывальная дзейнасць і пазабюджэтная, якая таксама прыносіць пэўны даход. Так, наш тэатр вялікі сам па сабе, толькі адна зала ў нас на 511 месцаў, мы здольныя зарабляць. Але і меншым тэатрам таксама магчыма забяспечваць сваю дзейнасць па названай схеме фінансавання, бо ў іх, як правіла, невялікі штат і наогул меншыя расходы. Яшчэ значны даход прыносяць дзіцячыя спектаклі, у тым ліку выязныя, але асабіста ў нас яны пакуль што забароненыя з прычыны эпідэмічных абставін. Таксама трэба ўлічваць, што цікава моладзі, а што сярэдняму і старэйшаму пакаленню, каб стварыць у іх жаданне адпачыць у нашых сценах. Так што, на мой асабісты погляд, схема фінансавання 50:50 прыдатная для тэатраў.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ