23 лютага адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі ўдзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.
Міністр звярнуў увагу на неабходнасць правядзення выставак і арганізацыі выступленняў творчых калектываў у канцэртных праграмах, што адбудуцца на выбарчых участках у асноўны дзень галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага. Удзел супрацоўнікаў сферы дазволіць прыцягнуць дадатковую ўвагу грамадзян і падвысіць іх зацікаўленасць у гэтым важным мерапрыемстве.
Таксама ўздымаліся пытанні ўсталявання шэрагу помнікаў, якія мусяць з’явіцца сёлета на вуліцах гарадоў Беларусі. Гэта помнікі мітрапаліту Філарэту ў Мінску, народнаму паэту Якубу Коласу ў Стоўбцах і народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну ў Добрушы.