Першымі адбыліся паказы трох спектакляў Вялікага тэатра: гледачы і журы ўбачылі оперу “Фауст”, балеты “Ганна Карэніна”, “Пер Гюнт”. Сёння далучаецца Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр — з музкамедыяй “Труфальдзіна з Бергама”. Заўтра можна будзе ўбачыць два спектаклі для дзяцей: зранку — балет-казку “Пеця і воўк” у тым жа Музычным тэатры, а ўдзень — гіторыю сапраўднага сяброўства “Тута Карлсан. Першая і адзіная” ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.
У кастрычніку на розных сталічных сцэнах запланаваны паказы спектакляў з Бабруйска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Мазыра, Маладзечна, Пінска. У выніку будзе прадстаўлена ўся тэатральная геаграфія краіны — хаця, на жаль, і не ўсе тэатры, што маглі быць уключаны ў конкурсную афішу.
Для ўдзелу ў Нацыянальнай тэатральнай прэміі было пададзена 70 заявак, прыём якіх скончыўся 31 сакавіка. Спецыяльныя камісіі, створаныя Міністэрствам культуры Беларусі, разгледзелі іх і адабралі ў конкурсны шорт-ліст крыху менш за палову. Таму цягам кастрычніка ў мінчукоў і гасцей сталіцы ўзнікне цудоўная магчымасць паглядзець лепшыя працы многіх абласных і рэгіянальных калектываў, не пакідаючы межы МКАД. Скарыстайце яе! І зможаце параўнаць свае вынікі з тымі, што будуць падведзены журы. Гэта ж так цікава — убачыць парад ледзь не ўсіх беларускіх прафесійных тэатраў.
Лепшыя спектаклі будуць вылучаны ў розных відах тэатральнага мастацтва: у тэатры драмы (прычым сярод спектакляў як для вялікай сцэны, так і для малой), тэатры лялек, музычным тэатры (асобна ў жанрах оперы, балета — і аперэты, музкамедыі, мюзікла). Будзе абраны і лепшы спектакль для дзяцей і юнацтва. Акрамя таго, у сцэнічных працах азначаных секцый будуць знойдзены лепшыя пастаноўшчыкі (гэта могуць быць не толькі рэжысёры, але і, у адпаведных жанрах музычнага тэатра, дырыжор, балетмайстар), мастакі, выканаўцы жаночых і мужчынскіх роляў.