Падставай для нарады паслужыў ранейшы візіт 12 кіраўнікоў Міністэрства ў 86 устаноў культуры па ўсёй Брэстчыне, правядзенне імі прыёмаў грамадзян і прамых тэлефонных ліній. Анатолій Мечыслававіч адзначыў, што праблемы рэгіёна могуць быць характэрныя і для іншых абласцей.
З першым дакладам аб аналізе дзейнасці ўстаноў культуры Брэсцкай вобласці на прыкладзе Жабінкаўскага раёна выступіла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Ірына Дрыга. У цэлым у раёне дастаткова як станоўчых, так і адмоўных прыкладаў работы аб’ектаў. Да прыкладу, ёсць неабходнасць рамонту ў гарадскім Доме культуры, але ж, з іншага боку, толькі тут рэалізавана безбар’ернае асяроддзе. Раённы краязнаўчы музей не атынкаваны, не мае агароджы, яго тэрыторыя не добраўпарадкавана. Пазітыўныя прыклады — нядаўна адрамантаваны гарадскі кінатэатр “Юбілейны”, дзе праводзяцца прэм’еры на рэспубліканскім узроўні. У гарадской школе мастацтваў заменены вокны і праведзена добраўпарадкаванне.
Даклад аб стане гісторыка-культурнай спадчыны на прыкладзе аб’ектаў Івацэвіцкага раёна зрабіла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір. Па яе словах, у раёне размешчана 45 аб’ектаў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ахоўныя абавязацельствы распрацаваны на ўсе аб’екты. Праекты зон аховы — толькі на 5. У 2009 годзе ў раёне, на жаль, знесены помнік культуры — драўляная Крыжа-Узвіжанская царква ў аграгарадку Божчава і на яе месцы здзейснена будаўніцтва цаглянай пабудовы. Не зусім зразумела чаму, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па гэтым пытанні адмоўлена. Наталля Хвір адзначыла, што ў раёне назіраецца тэндэнцыя па паступленні прапаноў у Міністэрства культуры аб выключэнні аб’ектаў са спісу культурнай спадчыны.
Даклад аб мерах Брэсцкага аблвыканкама па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ў галіне зрабіў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк. Паводле яго слоў, у рэгіёне працуе 1020 арганізацый культуры. Не менш за 4% ад бюджэту вобласці накіроўваецца на ўтрыманне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. За 2020 год на рамонт і закупку абсталявання накіравана 5 млн рублёў, за 2021 год — 15 млн рублёў сродкаў мясцовага бюджэту. Зроблены рамонт Баранавіцкага дома культуры, працягваецца рамонт абласной канцэртнай залы і многіх іншых аб’ектаў. Былі прыведзены дадзеныя аб закупцы і рамонце музычных інструментаў.
Здакладам аб павышэнні прэстыжу прафесіі і забеспячэнні кадрамі ўстаноў культуры Брэсцкай вобласці выступіла начальнік аддзела кадравай работы і дзяржаўных узнагарод Міністэрства культуры Аксана Лісянкова. Яна зрабіла выснову, што можна казаць пра высокі ўзровень забеспячэння кадраў у рэгіёне. Пры спісачнай колькасці работнікаў у 7692 адзінкі, вакансій толькі 262. Гэты паказчык у 96% падобны на іншыя вобласці і горад Мінск. Мэтавыя дагаворы добра сябе зарэкамендавалі для замацавання моладзі на месцах. Найбольш вызначыўшыхся працаўнікоў неабходна ўносіць у прафесійны рэзерв кіруючых кадраў. Сяргей Панасюк дадаў, што квоты на мэтавыя наборы недастатковыя, бо многія выпускнікі з’язджаюць у вялікія гарады і сталіцу.
Пра сваю працоўную камандзіроўку ў Маларыту распавяла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч. За 13 гадоў у гэтым рэгіёне быў праведзены капітальны рамонт у 12 установах культуры і ў 3 яшчэ вядзецца. У раёне — 117 клубных фарміраванняў, колькасць удзельнікаў у іх — 897, з іх 506 — дзеці. Працуе 8 творчых калектываў, адзін з іх — заслужаны аматарскі калектыў. 61 спецыяліст працуе ў сферы культуры, 17 — з вышэйшай, 36 — з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, але толькі 50% менавіта з адукацыяй культуры. Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў — прыклад у павышэнні прэстыжу прафесіі. Сёння тут аказваецца 7 відаў платных паслуг, і за мінулы навучальны год зароблена 46 тысяч рублёў. Мінусы — музычныя інструменты маюць 75% зносу. У раённым Цэнтры народнай творчасці пануе пазітыўная атмасфера, але, на жаль, не рыхтуецца чалавек, які мог бы замяніць яго кіраўніка ўжо пенсійнага ўзросту.
Пытанне аб павышэнні аплаты працы ў сферы культуры ўзняла ў сваім дакладзе начальнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Святлана Крупко. Яна адзначыла, што нізкая заработная плата — самая галоўная праблема ў галіне, і яна ўжо пэўны час зніжаецца да ўзроўню сярэднямесячнай па рэспубліцы. У 2006-м заробак у сферы культуры складаў 80% ад рэспубліканскага, у 2020 — 55%. За студзень-чэрвень 2021 года сярэднямесячны заробак у сферы культуры склаў 705 рублёў або 51% ад сярэднямесячнай. Але, у 2025-м плануецца забяспечыць рост заробку ў сферы да 80%, у 2022 — да 58%. Міністэрства культуры неаднаразова звярталася ва Урад у гэтым годзе па пытанні павышэння зарплаты. У 2022 годзе на сферу культуры прадугледжана 372,3 млн рублёў, або на 121,1% больш, чым у 2021, што дазволіць павышаць зарплату па графіку. З 1 ліпеня 2021-га, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 482, павялічылася доля прэміравання з 5% да 25% і максімум 20% ад акладу працаўніка.
Механізм прымянення загаду №81 Міністэрства культуры патлумачыла кансультант юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Таццяна Пайрэт-Саура. Загад быў створаны для таго, каб адмяніць старыя нормы тыпавых штатаў. Міністр галіны Анатолій Маркевіч заўважыў: галоўная праблема дакумента, што не ўсе фінансавыя органы яго пакуль бяруць за аснову, ён не мае ўсёй юрыдычнай сілы. Трэба, каб тыпавая штатная колькасць з’явілася ў Міністэрстве культуры, і была замацавана ў пастанове, зразумелай у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны і ў Міністэрстве фінансаў. Міністр падкрэсліў, што механізм складаны, але ён немагчымы без падтрымкі рэгіёнаў і ў станоўчым выніку будзе працаваць доўгі час.
Аб перспектывах далейшага функцыянавання цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый далажыў намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Дзмітрый Слесарчык. Пры вывучэнні сферы культуры Брэсцкай вобласці абмяркоўвалася і пытанне аб узаемадзеянні арганізацый і магчымасці ажыццяўлення больш шырокай гаспадарчай працы. У выніку Міністэрства культуры сумесна з Міністэрствам фінансаў хуткім часам яшчэ раз звернуцца для вырашэння названай праблемы.
Вольга Антоненка, дырэктар рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, распавяла аб распрацоўцы метадычных рэкамендацый для клубных арганізацый. Зараз клубы працуюць па метадычках, якія былі створаны ў 1986 годзе. Потым Міністэрства культуры распрацавала дапаможнікі па ўсіх абласцях, але адзінай сістэмы па рэспубліцы пакуль няма. Неабходна распрацаваць адзіную сістэму, каб праца была выбудаваная ідэнтычна і на высокім узроўні. Над гэтым дакументам будзе працаваць Міністэрства культуры, на падставе наяўнага вопыту.
Генеральны дырэктар ДУ “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” Аксана Кніжнікова ў сваім дакладзе закранула тэму неабходнасці абнаўлення і павелічэння колькасці бібліобусаў для забеспячэння доступу жыхароў аддаленых населеных пунктаў да кніг, і, па магчымасці, да камп’ютараў, прынтараў і інтэрнэту.
Анатолій Маркевіч адзначыў, што прапрацоўваецца пытанне з Міністэрствам фінансаў аб набыцці ў кожны раён па аўтамабілі МАЗ для гэтай важнай і неабходнай працы. І ў давяршэнне міністр культуры падзякаваў прысутным за плённую працу на нарадзе. Анатолій Мечыслававіч запэўніў, што ўсе вострыя пытанні будуць тэрмінова вырашацца, а досвед, атрыманы ад знаёмства з установамі культуры Брэстчыны, спатрэбіцца для наладжавання работы галіны ва ўсёй краіне.