Падчас нарады было падкрэслена, што ўсе мерапрыемствы, арганізаваныя міністэрствам культуры да Дня народнага адзінства, прайшлі на высокім прафесійным узроўні. Міністр падзякаваў усім работнікам сферы культуры рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўню за актыўную працу і адказнасць, якія былі праяўлены ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення дадзеных мерапрыемстваў.
Як стала вядома, 20 верасня Кіраўнік дзяржавы даў згоду на новыя кадравыя прызначэнні ў міністэрстве. На пасаду першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь прызначаны Валерый Грамада, які з 2020 года з’яўляўся намеснікам міністра. Пасаду намесніка міністра культуры, у сваю чаргу, цяпер заняў Сяргей Саракач, які з мая 2021 года быў у міністэрстве начальнікам упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.
Па выніках наведвання прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Раманам Галоўчанкам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якое адбылося на мінулым тыдні, было ўзнятае пытанне актывізацыі работы па стварэнні лічбавых копій друкаваных выданняў і музейных прадметаў. Міністр даручыў стварыць алгарытм комплекснай работы бібліятэчных і музейных устаноў у гэтым накірунку.
Акрамя таго, разглядаліся пытанні набыцця аўтатранспарту для ўстаноў сферы культуры і будаўніцтва жылля для супрацоўнікаў. Анатолій Маркевіч таксама звярнуў увагу на неабходнасць актывізацыі захадаў па вакцынацыі супрацоўнікаў сферы культуры ў сувязі з надыходам чацвёртай хвалі пандэміі COVID-19.