Нясвіжскі замак даволі рэгулярна запрашае гасцей на разнастайныя музычныя і тэатральныя імпрэзы. Сярод самых буйных такіх праектаў — фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, што праходзіць тут з 2010 года і за гэты час утрымліваў у сабе ажно 65 розных спектакляў і канцэртаў. А вось цяперашні музычны праект ладзіцца ў Нясвіжы ўпершыню. Арганізатарамі выступілі канцэртнае агенцтва “АртГранд” і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, іх падтрымаў Цэнтр культуры і мастацтваў “Рэнесанс класікі”.
Асаблівасць “Музычных ГРАНД вечароў” у тым, што яны не проста прапануюць наведвальнікам добрую музыку ў выдатным выкананні, але і вяртаюць традыцыі салоннага музіцыравання, што калісьці панавалі і тут, і ў іншых сядзібах Беларусі. Таму без інтэрактыву не абыдзецца.
Яшчэ адна адметнасць: гэта будуць у поўным сэнсе слова сямейныя вечарыны. За каралеўскім белым раялем апынуцца муж і жонка — Арцём і Марына Шаплыкі, якія будуць граць і паасобку, і разам — у чатыры рукі. Да іх далучыцца салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Вольга Міцкевіч, у выкананні якой прагучаць вакальныя нумары.
Дарэчы, Арцёма многія таксама ведаюць як канцэртуючага філарманічнага саліста, лаўрэата шматлікіх конкурсаў. Разам з жонкай ён заснаваў прыватную музычную школу, дзе займаюцца не толькі дзеці, але і дарослыя. Тры тыдні таму было адкрыта яшчэ і эстраднае аддзяленне — акурат у тым будынку, дзе месціцца Беларускі саюз кампазітараў. Неблагое суседства! Дый само адкрыццё з майстар-класамі і выступленнямі аказалася не толькі ўрачыстым і цікавым, але і даволі крэатыўным, з нечаканымі прыдумкамі, інтэрактывам. Бо Гранд — гарант шчырай, разняволенай творчасці, што прыносіць радасць і выканаўцам, і слухачам.