У адрозненне ад іншых абласных бібліятэк, у Гродне бібліятэка не мае агульнага будынка, яна раскідана па 4 карпусах. Затое ўсе змяшчаюцца ў самым цэнтры горада і кожны з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Галоўны корпус знаходзіцца ў былым будынку банка, які быў заснаваны яшчэ за палякамі ў 1930 годзе. Тады гэта была самая вялікая і высокая пабудова ў горадзе. Захоўваліся тут і залатыя зліткі ў адмысловым сховішчы, а цяпер зберагаецца не менш каштоўны скарб — веды. Створаны будынак у стылі канструктывізму, з максімальнай прастатой, інжынер — Ян Клімашэўскі, дарэчы, пляменнік Элаізы Ажэшка.
Усё ў бібліятэцы служыць для камфорту чытача. Ветлівая маладая супрацоўніца Аляксандра Зайцава, твар бібліятэкі, працуе на рэгістрацыі новых асоб.
А вось Людміла Здрадоўская — ветэран бібліятэчнай справы. Яе задача складаць электронны каталог аб артыкулах з часопісаў, таму даводзіцца шмат чытаць. Дапамагае ёй Ганна Даніловіч. Жанчыны разам з юрыстам-практыкам, які наведваецца ў бібліятэку рэгулярна, дапамагаюць усім жадаючым атрымаць рознага кшталту прававыя кансультацыі.
Вось ужо 32 гады працуе ў Гродзенскай бібліятэцы Жанна Маканава. Яе адказнасць — абанемент на 125 тысяч кніг, і яна можа знайсці любую з іх за лічаныя хвіліны. Самае папулярнае, па яе словах, — біяграфіі знакамітых асоб і літаратура пра самаразвіццё.
Алена Кучынская — супрацоўнік краязнаўчага аддзела, а значыць, мае дачыненне да старажытнасцей. Менавіта яна забяспечвае зацікаўленых старымі выданнямі. А кніга, якую яна трымае (на фота), — з 1739 года.
Бібліятэкар Ганна Кісялёва адказвае за выставу, прысвечаную Дню народнага адзінства. Утрымлівае яна матэрыялы і дакументы з архіваў бібліятэкі пра ўз’яднанне Беларусі, а таму даводзіць інфармацыю з першакрыніц. Шмат працы ўклаў у выставу гродзенскі краязнаўца Віктар Саяпін. Выстава будзе вандраваць па прадпрыемствах і ўстановах горада, і Ганна Кісялёва будзе расказваць пра падзеі тых часоў людзям на вытворчасці.
Дарэчы, выставы праводзяцца тут рэгулярна і не пакідаюць нікога абыякавымі. За апошні год — “Гісторыя ў кнізе”, “Імя ў кнізе”, выстава пра ўсіх Нобелеўскіх лаўрэатаў і іншыя. У цэнтральнай зале галоўнага корпуса таксама праводзяцца розныя мерапрыемствы, у тым ліку творчыя вечары членаў Саюза пісьменнікаў.
У аддзеле бібліятэказнаўства працуе Ірына Раманоўская, якая адказвае за бібліятэкі рэгіёна, курыруе раённыя мерапрыемствы і адмысловыя экспазіцыі, што будуць праводзіцца з нагоды святкавання Года народнага адзінства У кожнай бібліятэцы распрацаваны свой план, як арыгінальна распавесці пра падзеі тых часоў. Жанчына таксама і прафсаюзны лідар. Дарэчы, прафсаюзы дапамаглі 15 сем’ям супрацоўнікаў бібліятэкі пабудаваць і засяліцца ў кватэры, а ўсіх, каму патрэбна, забяспечваюць часовым жытлом.
У пяці хвілінах ад галоўнага корпуса знаходзіцца дзіцячая бібліятэка. У 2015 годзе на яе развіццё выдаткавалі грант Еўрасаюза, за кошт якога адчынілі мультыцэнтр “Совушка”, выкананы па лепшых сусветных стандартах. Тут знойдуць магчымасць для свайго развіцця як дашкольнікі, так і дзеці сярэдніх класаў.
Загадчык дзіцячай бібліятэкі Святлана Арлюк — чалавек, апантаны сваёй справай. Хутка яна заканчвае магістратуру бібліятэчнага факультэта БДУКМ. Пад яе кіраўліцтвам супрацоўнікі займаюцца з дзецьмі робататэхнікай — з канструктара дзеці збіраюць мадэлі, а пасля адмысловая праграма запускае іх работу. Такога канструктара хапае на год заняткаў.
Маленькія наведвальнікі цэнтра “Совушка” аддаюць перавагу гульні ў пакоі для лега. Таксама для іх існуюць дзіцячыя камп’ютарныя праграмы, якія дапамагаюць лепш спасцігаць свет, мець поспех у жыцці і вучобе. Шмат увагі ў цэнтры надаецца інклюзіўнай рабоце. Працаваць з асаблівымі дзецьмі дапамагаюць кнігі. Іх сумеснае чытанне і разбор дапамагае дзецям адчуць сябе больш упэўненымі.
Таксама супрацоўнікі гродзенскай дзіцячай бібліятэкі праводзілі конкурс “Лета і кніга”. Яны падзяліліся, што ўдзельнічала ў ім шмат чалавек, і чыталі яны нават па 100 кніг за летнія месяцы.