— Урачыстасці да Дня народнага адзінства будуць доўжыцца фактычна ўвесь месяц, і кульмінацыяй іх стане форум на пляцоўцы Мінск-арэны. У тым ліку сюды запросяць дэлегатаў галіны культуры з усёй краіны. Як рэгіёны рыхтуюцца да мерапрыемства?
Дзяніс Язерскі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама:
— Сёння да ўдзелу на форуме адбіраюцца самыя лепшыя супрацоўнікі культуры з усяго рэгіёна, тыя, што ўсталі на абарону незалежнасці і сімвалаў краіны, усіх лепшых каштоўнасцей, якімі жыве беларускі народ. Арганізатар мерапрыемства — Міністэрства культуры, і таму мы ўпэўнены, што яно пройдзе годна. На ім будуць абмяркоўвацца многія актуальныя пытанні галіны культуры, і яно стане яшчэ адной дыялогавай пляцоўкай. Дарэчы, у рамках акцыі “Беларусь адзіная” мы ствараем падобныя пляцоўкі на прадпрыемствах і ў працоўных калектывах. Да нас наведваюцца слынныя людзі: журналісты, пісьменнікі, артысты, у тым ліку з суполкі “Знание”, якія дзеляцца сваімі думкамі.
— У пачатку тыдня адбылася сустрэча з удзелам віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі, намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Луцкага і міністра культуры Анатолія Маркевіча, на якой абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з павышэннем сярэдняга заробку ў галіне культуры. Прынята рашэнне, што ў наступным годзе ён павінен быць роўным амаль 900 рублям, дакладней — складаць 896 рублёў. А які заробак атрымоўваюць супрацоўнікі культуры ў рэгіёнах цяпер?
Сяргей Панасюк, начальнік кіравання культуры Брэсцкага аблвыканкама:
— Сапраўды, мы ведаем пра патрэбнасць і жаданне павысіць заробак у галіне культуры. Сёння ў нашай вобласці ён знаходзіцца на агульнарэспубліканскім узроўні і складае 780 рублёў. У Брэсцкім рэгіёне 1022 установы культуры, у якіх працуе 7430 супрацоўнікаў. Самы нізкі заробак — у бібліятэках, самы высокі — у дзіцячых школах мастацтваў.
— Сёння ёсць думка, што тэатры краіны трэба падштурхнуць да большага самафінансавання. Яна звязаны з тым, каб палова бюджэту тэатраў аплачвалася з дапамогай дзяржавы, а другую палову яны зараблялі самі. Ці рэальна гэта здзейсніць?
Аляксандр Мікалаевіч Лукашэнка, дырэктар і мастацкі кіраўнік Палесскага драматычнага тэатра:
— На дадзены момант мы сапраўды часткова фінансуемся з гарадскога бюджэту. Але нашы супрацоўнікі і самі зацікаўлены ажыццяўляць большае самафінансаванне. Да эпідэміі каранавірусу наша зала на 110 месцаў на кожным са спектакляў была запоўнена не менш як на 92%. Давалі мы па 20 спектакляў на месяц і рэгулярна іх абнаўлялі, каб заставацца актуальнымі. Дарэчы, кошт на квіткі мы прытрымліваем на даступнай мяжы — на пастановы для дарослых — 7 рублёў, на дзіцячыя — 5 рублёў. І ўрэшце, наш тэатр самаакупаўся на 35%. Таму, калі зменшыць фінансаванне з гарадскога бюджэту, гэта адаб’ецца не толькі на заробках акцёраў, але і на гледачах, бо прыйдзецца павышаць кошт квіткоў, а значыць, мы рызыкуем згубіць нашых наведвальнікаў. Увогуле, можа, рэспубліканскія і абласныя тэатры і змогуць прытрымлівацца дадзенай схемы, але гарадскія, мне падаецца, не. Самае галоўнае пры аптымізацыі фінансавання — падысці да кожнай культурнай установы індывідуальна.