У першыя гадзіны і дні той вайны паказалі сваю мужнасць і гераізм воіны-памежнікі, не адступіўшы перад армадай захопнікаў. Тут, на Гродзеншчыне, гераічна загінула каля 19 тысяч памежнікаў з 14 атрадаў. І сёння ім аддаецца даніна памяці не толькі ўзвядзеннем мемарыяла, але і прысваеннем імені Савецкіх памежнікаў адной з вуліц горада над Нёманам. Свае ўнёскі ў з’яўленне гэтага манумента ўнеслі жыхары ардэнаноснага абласнога горада, самі памежнікі і грамадзяне ўсёй Беларусі. Не дзіва, што шмат хто з землякоў і шматлікіх гасцей Гродзеншчыны лічыць гэты ансамбль адной з адметнасцяў краіны. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця гродзенскага мемарыяла Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку помніку савецкім памежнікам. Прэзідэнт падкрэсліў, што мемарыял будзе такім жа святым месцам, як і помнік абаронцам Брэсцкай крэпасці.
Наведаўшы горад над Нёманам, пераконваешся ў тым, што месца тут вельмі ўдала выбрана стваральнікамі, не зарастае сюды народная сцежка не толькі ва ўрачыстыя дні: у Дзень Перамогі і ў дні вызвалення Беларусі і самога Гродна ад фашыстаў, Дзень памежніка. Сюды прыносяць кветкі выпускнікі навучальных устаноў і маладыя людзі падчас вясельных урачыстасцяў... Гэта месца і сам мемарыял сталі характэрнай адметнасцю і гонарам памежнага горада. Балазе гэты мемарыял — першы помнік савецкім памежнікам на ўсёй постсавецкай прасторы, адпаведна — візітная картка для Гродна і яго жыхароў. Самі аўтары збудавання ладна папрацавалі, унёсшы сваю творчасць і веды, каб увекавечыць подзвіг савецкіх памежнікаў на стагоддзі.
Узводзілі помнік усім светам, невыпадкова ў самім манументальным збудаванні адлюстраваны подзвіг салдат усяго шматнацыянальнага Савецкага Саюза, сімвалічна ўвасобленага ў памежных слупах. Не дзіва, што свой уклад унесла пры будаўніцтве велічнага помніка Саюзная Дзяржава — гранітныя груды выраблены ў Карэліі. Мемарыял збудаваны на скрыжаванні вуліц Савецкіх памежнікаў і лётчыка-касманаўта Паповіча, дзе само гарадское асяроддзе падкрэслівае веліч збудавання з граніту — тут шэрагамі стаяць каштаны і туі.
Творчы кіраўнік і ідэйны натхняльнік стварэння мемарыяла — былы старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлоўскі. На адной з падпорных сцен шматпланавага збудавання ўстаноўлена бронзавая дошка, на якой пазначаны імёны аўтараў: скульптара Генадзя Буралкіна і архітэктара Сталіна Федчанкі. Ідэю стварэння мемарыяльнага ансамбля “Загінулым, але непераможаным воінам Беларускай памежнай акругі” ў Гродне падтрымаў і Прэзідэнт Беларусі.
Іван АРХІПАЎ, член Ваенна-навуковага таварыства пры Цэнтральным доме афіцэраў