— Які спектр навагодніх паслуг прапаноўваеце спажыўцу?
— Шэсце Дзядоў Марозаў, святочныя ранішнікі для арганізацый у РДК, выязныя карпаратывы. Яшчэ Снягурка з Дзедам Марозам выязджае да дзяцей дамоў, каб павіншаваць іх са святам. Гэта дваццаціхвілінная тэатралізаваная дзея, якая абыходзіцца бацькам недзе ў 150 тысяч рублёў.
— Назавіце самае дарагое мерапрыемства.
— Гэта карпаратыў у нашай кавярні ці бары. На сёння ўжо замоўлена тры такіх мерапрыемствы.
— План па аказанні платных паслуг вы выканалі?
— На 98 працэнтаў.
— Але святы, як паказвае паўсюдна практыка, дадуць немалы пазабюджэтны прыбытак…
— Безумоўна, гадавое заданне будзе гарантавана перавыканана.
— З чаго складаецца кошт, скажам, выязных віншаванняў?
— Транспартныя выдаткі, пашыў касцюмаў, закуп тканіны, работа швачкі, якой няма ў штаце, таксама аплачваюцца. Калі паслуга аказваецца не ў рабочы час, дык трэба аплачваць па дамове паслугі Дзеда Мароза. Закладваецца і кошт цукерак, сувеніра. Калі бацькі жадаюць, каб падарунак дзіцяці быў больш важкі, бяруць расходы на сябе.
— Ці папулярная паслуга?
— Летась, да прыкладу, выязджалі да дзяцей каля 20 — 25 разоў. І гэта прытым, што канкурэнцыя на такое віншаванне адчувальная.
— Цікава, а колькі карпаратыў каштуе?
— Адзін мільён трыста тысяч. Натуральна, праграма тут на парадак складанейшая. Прынамсі, скарг на нашых артыстаў пакуль не было.
— Складанне сцэнарыя для маладзёжнай тэматычнай дыскатэкі аплачваецца яго аўтару?
— Не. Аўтары крэатыўных сцэнарыяў — работнікі нашага аддзела. Творчасць — іх непасрэдны функцыянальны абавязак. Займаюцца гэтым рэжысёры масавых мерапрыемстваў, якія працуюць выключна за кошт бюджэтных сродкаў.
— І ў што абыдзецца моладзі патанчыць у навагоднюю ноч?
— Кожнаму трэба заплаціць па 25 тысяч. Для наведвальнікаў РДК гэта не такія і вялікія грошы. Улічым, што ўключаем затраты пазабюджэтных работнікаў. Уносяцца і затраты на кампенсацыю расходаў у бюджэт па камунальных паслугах. У калькуляцыі — і расходы на набыццё сувеніраў ды прызоў для конкурсаў.
— Патлумачце наконт “кампенсацыі расходаў у бюджэт”?
— Нам выдаткавана, да прыкладу, 10 мільярдаў рублёў на бягучае ўтрыманне аддзела. Гэта сродкі з бюджэту. Гадавы ж пазабюджэтны план — 420 мільёнаў рублёў. Гэтыя лічбы і бяром пад улік. Разлічваецца працэнт кампенсацыі бюджэтных расходаў з пазабюджэтных сродкаў. Такім чынам мы плацім за камунальныя паслугі, транспартныя расходы, паслугі сувязі пазабюджэтнымі рублямі. Працэнт улічваецца ў калькуляцыі на любое мерапрыемства.
— Ці прагназуецца рост цэн на культурныя паслугі?
— Не, канешне ж. 150 тысяч за выязное віншаванне дзіцяці — сярэдняя сума, якую мы можам атрымаць з нашых разлікаў. Інакш кажучы, гэта не максімум. Наадварот, яна набліжаецца да мінімальнага памеру. Плацежаздольнасць насельніцтва нельга не ўлічваць. Людзі павінны нам давяраць… Яны ведаюць, да прыкладу, што і нам неабходна кампенсаваць затраты.
— Гукаўзмацняльную апаратуру ці інструменты вы здаяце ў пракат на навагоднія святы?
— Такая платная паслуга ёсць у школе мастацтваў. Дзеткі бяруць баяны дахаты. Паслуга каштуе тысячу рублёў у дзень…