Многа гэта ці мала? На першы погляд, даволі шмат. Але ўжо сёння можна сказаць, што названы паказчык Дзяржпраграмы перавыконваецца. Як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры краіны, на пачатак 2017 года колькасць “народных” і “ўзорных” калектываў складала 1900 адзінак. Таксама па краіне на сёння існуе 98 заслужаных аматарскіх калектываў. Цягам мінулага года найменні “народны” і “ўзорны” ў Беларусі прысвоены 61 калектыву, званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” — 5.
Калі казаць у разрэзе некаторых рэгіёнаў Беларусі, дык, скажам, на Магілёўшчыне найменне “народны” і “ўзорны” за 2015 год прысвоена 9 калектывам, за 2016 год — 8, а ўжо сёлета званні займелі ажно 12. Колькі ж іх будзе да канца года?
— Бачачы такія лічбы, я магу ўжо сёння з упэўненасцю сказаць, што паказчык дзяржпраграмы будзе значна перавыкананы, — адзначыў “К” дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў. — І гэта адбудзецца нягледзячы на тое, што атрымаць званне даволі складана: трэба спачатку прайсці своеасаблівы адбор (з першага разу, наколькі я памятаю, у нас званні ніколі не прысвойвалі), улічыць заўвагі аўтарытэтнай камісіі, а пасля ўжо атрымаць новы ганаровы статус. Акрамя таго, не трэба думаць, што пасля атрымання званняў “народных” і “ўзорных” калектываў можна працаваць “напаўсілы”. Свой статус трэба раз на тры гады пацвярджаць перад абласной камісіяй, і магу адзначыць, што ў год у нас губляюць званні прыкладна 3 — 5 калектываў. Часам бывае і да дзясяці.
У сваю чаргу, як адзначыла “К” дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук, у вобласці да 2020 года плануецца прысудзіць званні 20 калектывам, але, хутчэй за ўсё, іх за пяцігодку будзе значна больш. Летась такія ганаровыя найменні былі нададзены 4 самадзейным калектывам, сёлета — ужо двум.
— Наша абласная камісія вельмі строга падыходзіць да надання званняў, таму часам прыходзіцца і адхіляць прэтэндэнтаў, — заўважыла Святлана Каржук. — Справа ў тым, што ганаровы статус — сапраўдны гонар любога раёна, таму такіх званняў проста па вызначэнні не можа быць шмат.
Акрамя таго, маючы званні “народны” ці “ўзорны”, калектыў па згодзе з райвыканкамам можа ўвесці ў свой склад 3 бюджэтныя штатныя адзінкі: хормайстра, мастака і гэтак далей. Праўда, часцей за ўсё разам з новым статусам дадаецца адна, максімум дзве штатныя адзінкі, адзначыла дырэктар Гродненскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы Ірына Дземянчук:
— Не сакрэт, што галоўнае, каб раённыя ўлады пайшлі насустрач і забяспечылі калектыў адпаведнымі спецыялістамі, увёўшы іх у склад ансамбля, — адзначыла Ірына Дзмітрыеўна. — Але звычайна на месцах разумеюць, што без адпаведнай падтрымкі званне можна і згубіць. Таму нават калі падаюць заяўку на прысваенне адпаведнага статусу, дык даволі доўга да гэтага рыхтуюцца: шыюць касцюмы, развучваюць новы рэпертуар, набываюць неабходныя інструменты. Да таго ж, абласная камісія звычайна не прысвойвае званняў, калі калектыў не мае дыпломаў і ўзнагарод абласных і раённых фестываляў і конкурсаў.
Па словах Ірыны Дземянчук, за мінулы год у вобласці былі прысвоены званні “народны” і “ўзорны” адразу 9 калектывам. І, як спадзяецца кіраўнік абласнога метадычнага цэнтра, прыкладна такая ж колькасць займее новы статус і сёлета.
Такім чынам, паказчык Дзяржпраграмы на сёння сапраўды перавыконваецца хуткімі тэмпамі. Іншая справа, што ў сувязі з аптымізацыяй і скарачэннем бюджэтнага фінансавання, як адзначалі мне літаральна ўсе суразмоўцы, увесці ў склад калектыву са званнем “народны” ці “ўзорны” хаця б адну штатную адзінку сёння вельмі складана. А менавіта гэтыя дадатковыя штатныя адзінкі і падтрымліваюць на належным узроўні выканальніцкае і творчае майстэрства свайго гурта ці ансамбля.