Асартымент прадукцыі быў вельмі шырокі: аконнае шкло, шклянкі, кілішкі, бакалы ды іншыя вырабы. Другая паводле часу стварэння гута — Урэцкая, якая пераўзыходзіла па колькасці і якасці прадукцыі ўсе аналагічныя прадпрыемствы Рэчы Паспалітай.
Спачатку тэхнічнае кіраўніцтва на беларускіх шкляных мануфактурах ажыццяўлялі замежныя майстры, галоўным чынам — немцы. Для аздобы шкляных вырабаў скарыстоўваліся разнастайныя тэхнікі гравіроўкі і шліфоўкі. Перавагу аддавалі расліннаму арнаменту ў выглядзе гірлянд, разетак, вянкоў з кветак ды галінак раслін. Радзейшы — геаметрычны арнамент. Таксама скарыстоўваліся розныя эмблемы, ініцыялы гістарычных асоб, гербы магнацкіх фамілій. Іх стварэнне звычайна прымяркоўвалася да юбілеяў гістарычных падзей. А часам на шкло наносіўся цэлы сюжэтны малюнак.
Гуты працавалі, як мы сёння сказалі б, на імпартазамяшчэнне, бо да іх з’яўлення шкляныя вырабы завозілі з-за мяжы.
У экспазіцыі Мірскага замка ёсць шклянка XVIII стагоддзя, вырабленая ў Дрэздэне. Яе можна пабачыць у зале, прысвечанай матэрыяльнай культуры. На ёй ёсць надпіс “F.A.R.P.E.S.”, які расшыфроўваецца як “Fridericus Augustus, Rex Poloniae, Elector Saхsoniae”. У перакладзе з лацінскай мовы гэта азначае “Фрыдрых Аўгуст, правячы кароль Польшчы, курфюрст Саксоніі”. Такі ж надпіс сустракаецца і на манетах, і на гістарычнай мяжы паміж Германіяй і Чэшскай Рэспублікай непадалёк ад Обервізентале. Існуе і скарочаны варыянт гэтага надпісу: “F.A.R.P.” — “Fridericus Augustus Rex Poloniaе”. У аздобе ёсць лаўровыя гірлянды, карона, два кальцавыя абрамленні. Гаворка ідзе пра Фрыдрыха Аўгуста Моцнага (1670 — 1733 гг.).
Маючы патрэбу ў грошах, асабліва пад час абвастрэння барацьбы за польскую карону, Аўгуст Моцны даў прытулак шматлікім алхімікам і авантурыстам, якія абяцалі здабыць золата з ртуці. Пры саксонскім двары алхімік Ёган Бётгер першым у Еўропе замест золата зрабіў фарфор. У 1710 годзе па загадзе Аўгуста былі заснаваны фарфоравыя мануфактуры ў Мэйсэне і Дрэздэне. Эпоху кіравання Фрыдрыха Аўгуста Моцнага называюць “залатым векам” дынастыі Ветынаў, якія кіравалі ў Сярэдняй Германіі больш як 800 гадоў. Менавіта пры Аўгусце Моцным Саксонія дасягнула эканамічнага і культурнага росквіту. Ён пачаў наноў адбудоўваць Дрэздэн, які моцна пацярпеў ад пажару 1685 года, маючы на мэце ператварэнне яго ў барочны горад.
Аўгусту Моцнаму Дрэздэн абавязаны з’яўленнем такіх мастацкіх збораў, як Калекцыя фарфору, Манетны кабінет і Фізіка-матэматычны салон. Не дзіва, што дзеля таго, каб паказаць значнасць і ўплыў на эканамічнае ды культурнае развіццё Саксоніі, у першую чаргу — яе сталіцы Дрэздэна, на многія прадметы, у тым ліку на посуд, наносіліся ягоныя ініцыялы. Падобныя калекцыі знаходзяцца ў музеях мастацтваў і рамёстваў у Дрэздэне і князёў Чартарыйскіх у Кракаве.
Юлія БЯЗНОСІК, навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”
На здымках: так ужываўся надпіс “F.A.R.P.E.S.” на манетах і на шкляных вырабах.