Уладзімір ГІЛЕП, старшыня Беларускага фонду культуры:
— На жаль, мала ў нас літаратурных ды мемарыяльных музеяў. Нават калі параўноўваць з колішнімі саюзнымі рэспублікамі. Напрыклад, у Грузіі за савецкім часам іх было больш як сто. Мяркую, што зараз менш не стала. У нас жа — каб пералічыць музеі, прысвечаныя асобам, якія годна адзначыліся ў нацыянальнай гісторыі, хопіць пальцаў на дзвюх руках. Нейкія мы занадта сціплыя, калі не можам ці не хочам знайсці ў сваёй мінуўшчыне і рэчаіснасці постацей, вартых ушанавання. Тут бы павучыцца ў расіян, якія здолелі зрабіць свайго нацыянальнага паэта Аляксандра Пушкіна вядомым і шанаваным ва ўсім свеце.
А між тым, нам ёсць чым ганарыцца. Па змесце ды мастацкім афармленні мінскія музеі Купалы і Коласа маглі б сапернічаць з лепшымі мемарыяльнымі музеямі замежжа. У музеях нашых Песняроў шукаюць новыя формы працы з аўдыторыяй, у прыватнасці, з дзецьмі. У Музеі Коласа фактычна створаны падрыхтоўчы клас пачатковай школы — клас з культурным ухілам. Тут дашкольнікі, сярод іншага, знаёмяцца з асновамі краязнаўства.
У тых выпадках, калі не стае свайго досведу, трэба вывучаць замежны. Было б добра, каб нашы музейшчыкі часцей ездзілі па навуку да сваіх калег, і каб гэты абмен вопытам, гэтыя стажыроўкі за дзяржаўны кошт датычыліся не толькі супрацоўнікаў музеяў, так бы мовіць, першага шэрагу, а і ўсёй музейнай супольнасці краіны.
Падсумоўваючы, скажу: каб быць цікавымі для свету, трэба мець уласныя амбіцыі. Калі навучымся паважаць сябе, шанаваць сваё, дык і глядзець на нас будуць іншымі вачыма…
Ілья СВІРЫН, рэдактар аддзела газеты "Культура":
— Будзем шчырымі, у нас бракуе постацей, чыя творчасць мела б гучны міжнародны розгалас. Той жа Булгакаў перакладзены, бадай, на ўсе мовы свету, па ягоных творах здымаюцца фільмы і ставяцца спектаклі. У наяўнасці велізарная цікавасць да творчасці Булгакава, адпаведна — і да ягонага жыцця, а значыць, яго мемарыяльны музей будзе запатрабаваным культурным аб’ектам.
Постацей сусветна вядомых у нас небагата, але яны ёсць. Напрыклад, Адам Міцкевіч. І прысвечаныя яму музейныя комплексы ў Навагрудку ды Завоссі ўяўляюць прыцягальнасць для мясцовай грамады і замежных пілігрымаў. Удалы досвед мемарыялізацыі міцкевічаўскіх мясцін можна распаўсюдзіць на іншыя аб’екты.
Зрэшты, пазітыўныя зрухі назіраюцца ў працы ўсіх літаратурных музеяў Беларусі. Найперш, зразумела, у найбуйнейшых, такіх як Купалаўскі і Коласаўскі, што маюць філіялы, дзе можна ладзіць імпрэзы ды рэалізоўваць культурныя праекты.
Згадваючы Форум у Маскве, варта ўдакладніць тое, якімі крытэрыямі карысталася журы, вызначаючы дваццатку лепшых. І калі мы хочам трапіць у гэты “топ”, то мусім улічваць іх у нашай музейнай практыцы. У любым выпадку, рух у беларускай музейнай справе адбываецца. Няма застою, што назіраўся тут яшчэ зусім нядаўна. Звыклымі сталі крэатыўныя праекты, якія нават выходзяць за межы музейнай тэматыкі.
Прапагандуючы сваю культуру, мы сутыкаемся з той акалічнасцю, што нашы класікі звярталіся да сацыяльнай канкрэтыкі, да надзённасці. Інакш кажучы, іх творчасць была, так бы мовіць, засяроджанай на ўнутраных патрэбах нацыі. І праз гэта яна можа быць не надта зразумелай людзям іншых краін.
І яшчэ. У адрозненне ад Шагала ці Суціна, на чыіх імёнах можна грошы рабіць, ад раскруткі іншых постацей беларускай культуры пакуль не варта чакаць істотных дывідэндаў. Патрабуюцца немалыя ўкладанні. І тут нам прыкладам могуць быць палякі. Тамтэйшымі Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны выдаткоўваюцца грошы на пераклады ды распаўсюджванне польскай літаратуры ў свеце…
Каментарыі:
У жніўні 2013 г. я наведаў 13 музеяў Польшчы, у прыватнасці, персанальныя музеі Ф.Шапэна, Літмузей імя А.Міцкевіча - добры вопыт. Аднак паездка была за кошт польскага боку... Згодзен з аўтарамі, што і нам "патрэбны ўкладанні для раскруткі постацей беларускай культуры".