У праграме - цікавыя майстар-класы, гульні, продаж сувеніраў, а таксама канцэртная праграма з удзелам Тэатра цыганскай песні і танца "Карункі" ды многае іншае.
А ўсяго з пачатку гэтага года, як распавяла "К" дырэктар установы Святлана Лакотка, на тэрыторыі беларускага скансена прайшло некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў, і ўсе яны карысталіся нязменным попытам у наведвальнікаў.
- У асноўным нашы акцыі звязаны з каляндарна-абрадавымі святамі, - зазначыла Святлана Лакотка, - такімі, як Калядкі, Шчадрэц, Масленка, Гуканне вясны і многія іншыя. Таксама ладзім масавыя мерапрыемствы, скіраваныя, у першую чаргу, на маладзёжную аўдыторыю: "Кахаем па-беларуску", "Развітанне са школай", улетку ў музеі ўпершыню прайшоў "Канцэрт класічнай музыкі пад адкрытым небам", які плануем праводзіць штогод...
Усе новыя маркетынгавыя хады, па словах кіраўніцтва ўстановы, ужо займелі свой плён: кожнае масавае мерапрыемства ў беларускім скансене наведвае ад 600 да 2000 чалавек. Таму і план платных паслуг, які даведзены ўстанове, цяпер выконваецца з апераджэннем графіка. Так, па стане на 1 верасня бягучага года, музейшчыкі зарабілі на аказанні культурных паслуг прыкладна 230 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы пойдуць на аплату камунальных паслуг, работы па рэстаўрацыі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, на заробак супрацоўнікаў, якія працуюць за кошт пазабюджэту...