Як ужо паведамляла "К", сёлетняя Культурная сталіца Беларусі і СНД - Гомель - распачынае новы міжнародны праект: Дні культуры краін - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Па словах начальніка аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама Кацярыны Дзегцяровай, напрыканцы жніўня ў абласным цэнтры распачнуцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дням культуры Рэспублікі Малдова і Рэспублікі Казахстан. Пад час першых, акрамя выстаўкі малдаўскага мастака Тудара Збырні, што ўжо ідзе ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, жыхары і госці Культурнай сталіцы ўбачаць канцэрт аднаго з малдаўскіх калектываў.
А 24 жніўня ў абласным цэнтры адкрыецца выстаўка, арганізаваная Пасольствам Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь. Яна пройдзе ў Музеі гісторыі горада Гомеля. Як распавяла "К" дырэктар установы Юлія Купрэева, тут будуць экспанавацца фотавыстаўка "Казахстан: 20 гадоў міру і стварэння", прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, колькі нацыянальных казахскіх касцюмаў і музычных інструментаў, а таксама ўзоры нацыянальнай вышыўкі самабытнага майстра Веры Джунаевай.
Да таго ж, у верасні ў рамках Дзён культуры ў абласным цэнтры чакаецца канцэрт аднаго з казахскіх калектываў.
Але гэта далёка не апошняя культурная акцыя, якая будзе зладжана ў Гомелі ў рамках акцыі "Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011". Як распавяла Кацярына Дзегцярова, з 15 па 18 верасня ў горадзе пройдзе традыцыйны Міжнародны фестываль харэаграфічнага майстэрства "Сожскі карагод". Удзел у знакавым форуме ўжо пацвердзілі прыкладна 20 калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Францыі.