Пушчанскі “скансен” “сядзіб на продаж” Ці заквітнеюць ружы замест крапівы ў камянецкім Версалі?
Турпраект “К”: спадчына сядзіб у коле інтарэсаў
Калісьці шляхецкія сядзібы былі асяродкамі культуры ва ўсіх яе вымярэннях — ад узвышанага да побытава-гастранамічнага. Але ў наш час лёс многіх з іх склаўся паводле аднолькавага сумнага сцэнарыя. Колькасць маёнткаў, што стаяць сёння закінутыя і паступова руйнуюцца, налічвае многія дзесяткі. Не так даўно па ініцыятыве беларускага Урада была распачата маштабная кампанія па перайначванні сумнага лёсу “нічыйных” сядзіб — праз пошук для іх гаспадароў. Менавіта гаспадароў, а не фармальных уласнікаў. Плануецца, што пасля ліквідацыі юрыдычных бар’ераў прыватныя інвестары здолеюць выкупіць маёнткі за мінімальную цану. Але з дзвюма ўмовамі: па-першае, дзейнічаць строга ў адпаведнасці з айчынным заканадаўствам па ахове спадчыны (гэта, зрэшты, нават не абмяркоўваецца), і па-другое — прыстасаваць былыя сядзібы пад аб’екты аграэкатурызму. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтавала спіс такіх сядзіб, што складаецца з 46 пазіцый. Удзел у рэалізацыі ініцыятывы таксама прымаюць Міністэрства спорту і турызму краіны і мясцовыя ўлады. Галоўнымі пунктамі маршруту традыцыйнага велатура журналістаў “К” сталі старыя сядзібы Брэстчыны і Гродзеншчыны, многія з якіх уключаны ў “спіс на продаж”. Цікавілі іхнія мінуўшчына, магчымая будучыня і, асабліва, цяпершчына: ад яе тая будучыня наўпрост залежыць. Зразумела, было цяжка ў падобнай паездцы ўнікнуць спакусы зірнуць на той або іншы аб’ект вачыма патэнцыйнага інвестара…