Асноўнымі тэмамі пад час сустрэчы лідэраў дзвюх краін - Аляксандра Лукашэнкі і Башара Асада - былі пытанні актывізацыі і паглыблення стасункаў паміж Беларуссю і Сірыяй. Аднак кола накірункаў для далейшага супрацоўніцтва не абмяжоўвалася палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі тэмамі. Сярод дакументаў, падпісаных па выніках сустрэчы, - міжведамаснае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне электрасувязі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам вышэйшай адукацыі Сірыі ды шэраг іншых дакументаў, якія ўжо сёння дазваляюць сцвярджаць: у хуткім часе Сірыя для беларусаў стане яшчэ бліжэй.
Сярод іншых сустрэч і мерапрыемстваў, 27 ліпеня Прэзідэнт Сірыі Башар Асад наведаў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, дзе яго вітаў дырэктар Раман Матульскі. Члены дэлегацыі падрабязна пазнаёміліся з дзейнасцю ўстановы як інфармацыйнага і сацыякультурнага цэнтра рэспублікі, з сістэмай работы з чытачамі, архітэктурай і афармленнем новага будынка бібліятэкі, а таксама мелі магчымасць палюбавацца прыгажосцю сталіцы з аглядавай пляцоўкі.
У Музеі кнігі ўвазе сірыйскай дэлегацыі была прадстаўлена калекцыя рарытэтных выданняў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Башар Асад пакінуў у Кнізе ганаровых гасцей памятны запіс. А Раман Матульскі падарыў Прэзідэнту Сірыі унікальны прэзентацыйны каталог нашай бібліятэкі. А ў час наведвання высокім госцем чытальнай залы НББ яе супрацоўнікі па запыце "Сірыя" знайшлі каля 400 дакументаў: кнігі, аўдыёі выяўленчыя рэсурсы.
"Рады наведаць гэтую бібліятэку, якая з'яўляецца не толькі важнай культурнай установай, што захоўвае вялікі фонд чалавечых ведаў і лічыцца багатай крыніцай інфармацыйных і навуковых даследаванняў, але і помнікам архітэктуры і інжынернай думкі", - сказаў Башар Асад.
Сірыйскі Лідэр пацвердзіў важную ролю бібліятэк ва ўмацаванні культурнага супрацоўніцтва паміж краінамі і духоўных сувязей паміж беларускім і сірыйскім народамі.
На здымках: пад час сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Башара Асада;
прэзідэнт Сірыі знаёміцца з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Фота Максіма ГУЧАКА і Мікалая ПЯТРОВА, БелТА