Як паведаміў “К” начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, перад пачаткам канцэрта на плошчы ля Палаца Рэспублікі, з 16 гадзін, будзе дзейнічаць выстаўка-продаж твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Сто народных майстроў з 12 рэгіёнаў Мінскай вобласці прадэманструюць тэхналогіі рамёстваў, правядуць майстар-класы, прарэкламуюць уласную сувенірную прадукцыю.
Побач з рамесніцкімі павільёнамі будуць працаваць і гандлёвыя. Можна будзе пачаставацца не толькі чаем і блінамі, але і традыцыйнымі стравамі Міншчыны. Нацыянальнага каларыту дададуць кірмашу і чатыры фальклорныя гурты-тэатры беларускай гульні, якія прадэманструюць ахвотным не толькі танцы-забаўкі, але і вясновыя абрады...
У галерэі “Універсітэт культуры” запланавана адкрыццё выстаўкі пленэрных работ навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў і мастацкіх школ Мінскай вобласці.
А ў фае Палаца Рэспублікі пройдзе баль вякоў. Касцюміраваная дзея, да якой спрычыняцца і аркестр, і харэографы, распавядзе пад музыку XVII — XVIII стагоддзяў пра зараджэнне культуры і мастацтва на старажытнай зямлі Міншчыны.
Канцэрт складаецца з некалькіх блокаў. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, горычы страт і радасці вызвалення роднага краю, будзе адлюстравана праз творчы светапогляд трох пакаленняў: ветэранаў, іх сыноў і ўнукаў. У справаздачным канцэрце прымуць удзел 70 калектываў і 1300 выканаўцаў Мінскай вобласці.
Андрэй СТАРЖЫНСКІ