Патрабуецца герой!
Адным з мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і аховы іх правоў на 2004 — 2010 гады абазначана правядзенне комплексных навуковых даследаванняў, у лік якіх уваходзіць і вывучэнне ўздзеяння сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасці і электронных, на фізічнае, псіхічнае і духоўна-маральнае здароўе дзяцей.
Пацверджаннем неабходнасці такога мэтанакіраванага даследавання і актуальнасці праблемы стаў візіт маладой журналісткі ў рэдакцыю “К”. Яна распавяла пра тое, якія лялькі сёння можа набыць у Інтэрнеце кожны, незалежна ад узросту. Сярод “сімпатычных” забавак былі... і сіні мярцвяк — увасабленне гераіні кінастужкі “Твін Пікс” Лоры Палмэр, і брыдкія лялькі-сараканожкі, і лялька ў выглядзе мужчынскай галавы для ўтыкання нажоў. Так, аказваецца, бывае і такое.
Гэтая тэма прымусіла задумацца і звярнуць увагу на адваротны бок медаля: а з чым, уласна кажучы, сёння гуляюць нашыя дзеці? Усе прыведзеныя вышэй прыклады “цацак”, канешне, “прыкольныя”, але што можна супрацьпаставіць такім змрочным, не ўласцівым нашай ментальнасці, персанажам, якіх дастаткова ў сусветным Сеціве? Грацыёзную Барбі? Чалавека-павука? Вялікагаловых “выкшталцоных” лялек Братз? А дзе ж, калі казаць пра нашы рэаліі, героі беларускай культуры — кіно, літаратуры, фальклору, — чыё прызначэнне любіць і паважаць сваю зямлю, яе мінулае і сучаснасць, маральныя і духоўныя каштоўнасці? Што мы можам супрацьпаставіць плыні замежных сімвалаў і знакаў, якія нясуць у сваім абліччы сучасныя лялькі? І што мы маем у адказ здаровага і добрага?
Мы часта скардзімся на тое, колькі насілля дэманструецца на нашых тэлевізійных каналах. І нібыта не пры чым, у баку, застаюцца зусім іншыя, не менш небяспечныя прыкметы сучаснай цывілізацыі — культ спажывання, сексуалізацыя жаночага цела, ідэалізацыя не сваіх, а заходніх герояў. А калі прыгледзецца, ці не з Барбі пачынаецца псіхічнае насілле над дзяўчынкай, якая, пасталеўшы, заўважае: яе фігура не адпавядае прапорцыям любімай лялькі? І колькі вядома выпадкаў, калі далей пачынаецца тое, што дактары называюць “анарэксія” — хвароба, якая развіваецца ў людзей, і што асабліва страшна — у падлеткаў, якія адмаўляюцца ад прыёму ежы пад уплывам псіхічных расстройстваў?
Разважаючы над гэтай, здавалася б, простай тэмай — лялькі, ці не самы час згадаць, што яны якраз і з’яўляюцца адным з механізмаў абароны ад псіхічнага і іншых відаў насілля.
Мы жывем у Міжнароднае дзесяцігоддзе культуры міру і ненасілля ў інтарэсах дзяцей планеты, абвешчанае Генеральнай Асамблеяй ААН на перыяд 2001 — 2010 гады. А таму мы мусім улічваць належным чынам важнасць традыцый і культурных каштоўнасцей кожнага народа для абароны і гарманічнага развіцця дзіцяці. І найперш дзіцяці, якога мы хочам выхаваць патрыётам сваёй зямлі. Таму “лялечнае” пытанне, падаецца, набывае зусім іншы, глыбінны змест у нацыянальнай прасторы.