На мінулым тыдні адбылася паездка па аграгарадках: з аркестрам выступілі вядучыя беларускія салісты.
“Візітоўка” краіны, выканаўца твораў усіх стыляў і жанраў, калектыў часта ўдзельнічае ў сумесных праектах з сусветна вядомымі артыстамі. У снежні плануюцца канцэрты з Дзмітрыем Хварастоўскім, Дэмісам Русасам, у кастрычніку з аркестрам спявалі і суквецце расійскіх тэнараў (праект “Тэнары ХХІ стагоддзя” ў межах ІІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета), і зоркі Сан-Рэма.
Знакамітыя італьянцы — Рыкарда Фольі, Сільвія Мідзаноттэ, Аль Бана — не скупіліся на эмацыйныя ўсплёскі, выказваючы самыя ўзнёслыя словы на адрас нашых музыкантаў: “Я шчаслівы граць з гэтым аркестрам. Гранд-аркестр — дырыжор-белісіма!”, “Вашы апладысменты гэтаму цудоўнаму аркестру, яго неверагоднаму прафесіяналізму!”, “Выдатны аркестр, вялізнае задавальненне выступаць з ім”, “Гэта Гранд-аркестр, а спадар Бабарыкін — вялікі маэстра”.
І гэта зусім не перабольшванне. Італьянцы з уласцівым ім тэмпераментам імкнуліся ўвесь час да імправізацыі — і аркестр падхопліваў іх у самых непрадказальных сітуацыях, нават калі яны пачыналі выводзіць працяглыя сольныя кадэнцыі. Завяршыўся канцэрт дуэтамі: зоркі Сан-Рэма спявалі з нашымі салістамі — Інай Афанасьевай, Георгіем Калдуном і Анжалікай Агурбаш.
Акрамя мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Віктара Бабарыкіна, у тым канцэрце выступіў яшчэ адзін дырыжор калектыву — Віталь Кульбакоў. З першых дзён існавання калектыву Віталь працуе ў ім трамбаністам. І тое, што Прэзідэнцкі аркестр сам узрасціў гэтага музыканта, — толькі адна з дэталей, якая падкрэслівае сутнасць калектыву. Гэта — маладзёжная супольнасць аднадумцаў, надзвычай крэатыўных і апантаных. Дастаткова сказаць, што практычна ўсе музыканты — лаўрэаты шматлікіх міжнародных і
нацыянальных конкурсаў, стыпендыяты і лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Невыпадкова з удзельнікаў гэтага калектыву ўтварылася таксама некалькі ансамбляў — і “ўнутрыаркестравых”, і самастойных.
За 6 гадоў зроблена столькі, колькі, здараецца, іншым не пад сілу адолець і за дзесяцігоддзі. Калектыў увесь час імкнецца да новых вяршынь, ставіць перад сабой усё больш складаныя задачы — мастацкія і прафесійныя. Акрамя абавязковага ўдзелу ў пратакольных мерапрыемствах, вядзе вялікую канцэртную дзейнасць, услаўляючы родную Беларусь. І шматлікія сумесныя праекты, што ладзяцца з удзелам аркестра (а многія знаныя салісты, аднойчы выступіўшы з беларускім калектывам, працягваюць з ім супрацоўніцтва і надалей), становяцца важкім аргументам для ўмацавання міжнароднага прэстыжу нашай краіны.
На здымках: на сцэне разам з
Прэзідэнцкім аркестрам
Рыкарда Фольі; Віктар Бабарыкін
і Мішэль Легран пад час рэпетыцыі.
Фота Юрыя ІВАНОВА