14 чэрвеня славуты калектыў прадставіць праграму “Музычнае падарожжа”. Яе маляўнічую палітру склалі сапраўдныя шэдэўры сусветнай класікі ад Моцарта да Брытэна, а таксама творы сучасных кампазітараў: Энры Лалашвілі з Грузіі, Тору Такеміцу з Японіі, Жына Ванга з Кітая. Такое рэдка дзе пачуеш! Маэстра Юрый Башмет, натуральна, выступіць адразу ў некалькіх ролях — мастацкага кіраўніка ансамбля, дырыжора і, канешне, саліста. Невыпадкова ж яго называюць “Паганіні альта”.
Юрый Башмет — часты госць на беларускай зямлі, яшчэ з савецкіх часоў, калі да нас прыязджалі ўсе самыя знаныя расійскія музыканты. Не перапыніўся ўзаемаабмен і надалей. Сведчаннем — ордэн Францыска Скарыны, якім ён быў узнагароджаны за значны ўнёсак у развіццё беларуска-расійскіх культурных сувязяў. У 2006-м ён нават заснаваў у нас Міжнародны фестываль свайго імя, арыентаваны на адкрыццё таленавітых маладых музыкантаў, яднанне лепшых творчых сіл Беларусі, Расіі і іншых краін. Цягам тых 14-ці форумаў, што былі перапынены з-за пандэміі, моладзь не толькі выступала разам з сусветна вядомымі артыстамі. Была створана Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД. Ладзіліся майстар-класы знакамітых выканаўцаў і педагогаў, творчыя сустрэчы студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з сусветна вядомымі кампазітарамі і музыкантамі. Юрый Абрамавіч нават “пераманьваў” кагосьці са студэнтаў да сябе ў Маскву. І да кожнага такога фестывалю аднаму з беларускіх кампазітараў замаўляўся новы твор. Менавіта так у свой час узнікла канцэртная фантазія Ingemisco (“Уздыхаю”) Галіны Гарэлавай для струннага аркестра і саліруючага альта. Гэтая партытура стала першай у чарадзе далейшых мастацкіх адкрыццяў Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, дзе прэзентаваліся ў тым ліку творы і зусім маладога Сяргея Бадалава, і такіх знаных беларускіх кампазітараў, як Вячаслаў Кузняцоў, Дзмітрый Лыбін, Валерый Воранаў. Дарэчы, з Валерыем Воранавым у Юрыя Абрамавіча ўзніклі найбольш шчыльныя кантакты, ён неаднойчы замаўляў яму прэм’еры для сваіх міжнародных фестываляў у Сочы: сёлета, да прыкладу, у цэнтры ўвагі там апынуўся “Пер Гюнт” з яго музыкай, якую крытыкі адзінагалосна прызналі лепшым складнікам усяго спектакля з удзелам расій-
скіх зорак тэатра і кіно.
Ансамбль “Салісты Масквы”, створаны Юрыем Башметам, адзначае сёлета 30-годдзе. У рэпертуары гэтага “калектыву сапраўдных аднадумцаў”, як яго часцей за ўсё называюць, больш за 350 твораў сусветнай класікі — ад барока да сучаснасці. На рахунку музыкантаў больш за 2000 канцэртаў на самых вядомых сусветных пляцоўках ад Еўропы да Новай Зеландыі. І пасярод іх — сталіца Беларусі.