Фрагмент экспазіцыі. Фота Таццяны Матусевіч
Пачынаецца экспазіцыя Купалавымі… тапачкамі. Лёгкі скураны абутак саракавога памеру адсылае да кур’ёзу, які здарыўся падчас першай сустрэчы Янкі Купалы і Якуба Коласа (адбылася яна 110 гадоў таму). Творцы былі знаёмыя завочна, чыталі вершы адно аднаго ў друку, і вось Купала пешшу дабраўся да калегі ў Смольню. Пакуль чакаў гаспадара ў хаце, зняў абутак, бо па дарозе намуляў ногі. А як Колас нарэшце з’явіўся перад ім, падняўся і ледзь не паваліўся: не на тую нагу надзеў тапку. Вяртаўся са Смольні паэт басанож. Яшчэ адна пацешлівая сітуацыя падчас той сустрэчы звязана з любоўю Купалы модна прыбірацца. Перад візітам ён пагнаўся па новы гарнітур і не агледзеўся, што рукавы ў пінжака закароткія. Таму за сталом у Коласа лішняга рукамі не варушыў і частаваўся толькі тым, што стаяла блізка да яго. Не агаляць жа рукі да локцяў!
Сучаснікі песняроў пакінулі нямала ўспамінаў пра іх пачуццё гумару. Да прыкладу, Купала не мог нікога пакрыўдзіць сваімі дасціпнымі выразамі і выхадкамі, бо жартаваў вельмі тактоўна. Але часам вырабляў даволі дзіўныя трукі… Пісьменніца Зінаіда Бандарына, вярнуўшыся з паездкі ў Маскву, надта выхвалялася новымі пальчаткамі перад знаёмымі. Неяк Купала не вытрымаў паводзін жанчыны і папрасіў даць яму тыя пальчаткі. Высветлілася, не каб разгледзець пакупку, а каб выкінуць яе ў крапіву. Пасля гэтага выбрыку паэт прамовіў: “Не трэба быць малпай!” Маўляў, не трэба так выхваляцца.
ПАРАД ПАРОДЫЙ
А як жа класікі ставіліся да смеху на свой адрас? Пісьменнік і перакладчык Мікола Нікановіч быў адным з найлепшых парадыстаў у творчым асяродку свайго часу. Выдатна паўтараў міміку, жэсты і голас многіх асоб. Аднойчы ў сяброўскай кампаніі ён парадзіраваў Якуба Коласа. “У мяне голас слабы, дык я прачытаю”, “Тут больш звяртаюць увагу на твары, а не на творы”, — сыпаў цытатамі старэйшага калегі Нікановіч. У гэты момант адчыніліся дзверы, на парозе з’явілася постаць Канстанціна Міхайлавіча.“Ну ты, брат, артыст!” — добразычліва прамовіў Колас і выклікаў выступоўцу на біс, а потым шчыра смяяўся з пародый на сябе і іншых пісьменнікаў. Падобная сітуацыя адбылася і з Купалам. Ён таксама нечакана з’явіўся ў пакоі, дзе Нікановіч у камічнай форме паказваў паэта. Разгубленаму “артысту” сказаў: “А нішто сабе выходзіць, ліханька. Практыкуйся. Можа, як прыхварэю, дык заменіш”.
Міхась Лынькоў прыгадваў, што і ён неяк парадзіраваў класіка. Ды яшчэ не ў сяброўскай кампаніі — чула ўся рэспубліка. Творцы мусілі разам выступаць у прамым эфіры на радыё, але Купала запазніўся, і Лынькоў пачаў адзін. Як надышоў момант чытаць Купалавы вершы, незнарок пачаў капіраваць яго манеры. І ў гэтую хвіліну нехта крануў яго за плячо. “Добра ты, Міхаська, дэкламуеш мае вершы!” — “Стараюся, Іван Дамінікавіч”. Гэтыя рэплікі паляцелі ў эфір.
Шарж Іосіфа Ігіна на Якуба Коласа
МАСТАКІ СМЯЮЦЦА З ПАЭТАЎ
На афіцыйных партрэтах мы прызвычаіліся бачыць класікаў заўсёды сур’ёзнымі, іншая справа — шаржы, дзе волаты нацыянальнай культуры паўстаюць у нечаканым смешным выглядзе. Так на гумарыстычным малюнку Галіны Дакальскай Якуб Колас сядзіць на даху свайго дома ў Вайсковым завулку, які ледзь не цалкам сышоў пад ваду. Гэтая работа ілюструе іранічны верш “Мінскаму гарсавету” — насмешку з гарадскіх улад, якія ратаваліся ад вясновай паводкі ўсталяваннем платоў ля рэчкі. З гэтай непрыемнасцю паэт быў знаёмы добра, як ніхто іншы: яго даваенны дом стаяў у Вайсковым завулку, зусім недалёка ад Свіслачы. Аўтар наступнага шаржа — вядомы савецкі карыкатурыст Іосіф Ігін. У зборнік яго малюнкаў “Музей сяброў” сярод іншых увайшоў жартоўны партрэт Якуба Коласа, які падпісаны наступным чынам: “Уже давно решён вопрос, / Что он и Колас и колосс”.
Вядома, гумар быў і працоўным інструментам класікаў. Пацвярджэнне гэтаму на выставе — рукапісы твораў і прыжыццёвыя выданні. Усіх цікавінак экспазіцыі раскрываць не будзем, тым больш наведвальнікі лёгка даведаюцца пра смяшынкі з жыцця класікаў самастойна: некаторыя экспанаты пазначаны лічбамі, якім адпавядаюць карткі з вясёлымі гісторыямі, звязанымі з гэтымі прадметамі. Усяго трыццаць аркушыкаў з апавяданнямі. Захоўваюцца яны ў адмысловай картатэцы накшталт той, што стаяла ў пачатку мінулага стагоддзя ў рэдакцыі “Нашай Нівы”. Наведаць выставу можна да 30 ліпеня.
Поўную версію публікацыі чытайце ў газеце "Культура" №22 ад 28 мая.