Такім чынам, тэма сустрэчы аматараў гісторыі адпавядала тэматыцы як абвешчанага сёлета Года гістарычнай памяці, так і леташняга Года народнага адзінства, падчас адзначэння якога багата ўвагі надавалася менавіта актуалізацыі памяці аб гісторыі Заходняй Беларусі 1920—1930-х гадоў і яе далучэнні да БССР у верасні 1939 года. Экспертам па гісторыі КПЗБ выступіў кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Горны.
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЦІ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ?
У міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі дзейнічалі розныя беларускія палітычныя, грамадскія і культурна-асветніцкія арганізацыі, якія супрацьстаялі палітыцы паланізацыі, змагаючыся як за нацыянальныя, так і за сацыяльныя ды палітычныя правы як беларусаў, так і прадстаўнікоў іншых народаў, якія насялялі беларускія тэрыторыі, што трапілі ў склад польскай дзяржавы па выніках Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе.
Але першае месца па актыўнасці ды масавасці ў гэтай барацьбе займала менавіта Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. Як ні парадаксальна, партыя, якая, паводле сваёй ідэалогіі, мусіла прытрымлівацца прынцыпаў інтэрнацыяналізму, разам з тым знаходзілася ў авангардзе змагання за нацыянальнае вызваленне беларусаў. Да ўсяго партыя выступала за сацыялістычную рэвалюцыю ў Польшчы, усталяванне дыктатуры пралетарыяту, канфіскацыю памешчыцкіх зямель і ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
ІНІЦЫЯТЫВА ЗНІЗУ
Кажучы аб гісторыі ўзнікнення КПЗБ, нельга вызначыць нейкую канкрэтную дату, калі з’явілася гэтая партыя. Калі Заходняя Беларусь пасля савецка-польскай вайны апынулася ў складзе Польшчы, на яе тэрыторыі засталіся дзейнічаць розныя арганізацыі левага напрамку: камуністы, эсэры, бундаўцы — прадстаўнікі яўрэйскага левага руху. Багата засталося тут і людзей, якія ўдзельнічалі ва ўсталяванні савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1919-1920 гадах.
Адной з адметных нацыянальных структур была Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, заснаваная ў 1921 годзе ў Вільні, — яе ўдзельнікі прытрымліваліся левых поглядаў і выступалі за ідэю адзінай незалежнай сацыялістычнай Беларусі, якая не ўваходзіла б у склад ні Польшчы, ні Савецкага Саюза. Менавіта члены БРА ў снежні 1923 года ўтварылі Камуністычную партыю Заходняй Беларусі як аўтаномную частку Камуністычнай партыі Польшчы, якая на той момант існавала ўжо на працягу пяці гадоў. У розныя часы КПЗБ налічвала ад дзвюх да трох тысяч членаў.
Такім чынам, важна адзначыць, што ўзнікненне КПЗБ было ініцыятывай знізу, а не вынікам рашэння, прынятага ў СССР. Адметна таксама, што пераважную большасць актывістаў КПЗБ складалі прадстаўнікі не пралетарыяту, а сялянства, рабочымі былі толькі адзінаццаць працэнтаў членаў партыі. Сярод сялян Заходняй Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гадоў пастаянна шырыліся чуткі, нібыта неўзабаве пачнецца вайна з Савецкім Саюзам, а ў Польшчы мусіць выбухнуць рэвалюцыя, і тады заходнебеларускія землі ўвойдуць у склад БССР.
УСВЕДАМЛЯЛІ СЯБЕ БЕЛАРУСАМІ
Многія члены КПЗБ з ліку беларускіх сялян не валодалі польскай мовай, і калі іх арыштоўвалі і дапытвалі, то паліцэйскім даводзілася звяртацца па дапамогу перакладчыкаў. Пераважную большасць складалі 20-25-гадовыя хлопцы, праваслаўныя, часта — колішнія бежанцы часоў Першай сусветнай вайны, якія паспелі павучыцца ў савецкіх школах і прызнавалі польскую ўладу чужой.
Цікава, што менавіта дзякуючы дзейнасці КПЗБ беларускі нацыянальны рух распаўсюджваўся на тэрыторыі Палесся, насельніцтва якога ў той час не мела выразнай нацыянальнай самасвядомасці, і толькі ў выніку прапаганды заходнебеларускіх камуністаў мясцовыя жыхары, якія прывыклі называць сябе палешукамі, усведамлялі сваю беларускасць.
ПРАВА НА АБАРОНУ
Акрамя прапаганды ды распаўсюду друкаванай агітацыйнай прадукцыі ды вывешвання чырвоных сцягоў і транспарантаў, члены КПЗБ збіралі зброю, якая магла б спатрэбіцца ў выпадку пачатку новага савецка-польскага ўзброенага канфлікту і выкліканага ім паў-
стання. Таксама зброя была патрэбная для ліквідацыі агентаў польскіх спецслужб, якія пранікалі ў партыю і выдавалі яе членаў паліцыі, пасля чаго тых прысуджалі да зняволення альбо нават смяротнага пакарання — бадай, найбольш вядомым прадстаўніком партыі быў Сяргей Прытыцкі, які ў 1936 годзе ў Вільні здзейсніў у зале суда замах на правакатара Якуба Стральчука.
У выніку ціску міжнароднай грамадскасці кара смерці для Прытыцкага была замененая на пажыццёвае зняволенне, але ён вызваліўся з турмы ў выніку падзей верасня 1939 года. Адметна, што пазней Сяргей Прытыцкі займаў у БССР шэраг высокіх дзяржаўных пасад, а Якуб Стральчук падчас нацысцкай акупацыі адзначыўся тым, што супрацоўнічаў з гітлераўскімі спецслужбамі.
ВЯРТАННЕ З ЗАБЫЦЦЯ
У 1938 годзе партыйным кіраўніцтвам у Маскве было прынятае рашэнне аб ліквідацыі КПЗБ, якое тлумачылася тым, што партыйныя структуры былі ў вялікай ступені прасякнутыя агентамі польскіх спецслужб. У выніку многія дзеячы КПЗБ пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР былі рэпрэсаваныя альбо вымушаныя прыхоўваць сваё нядаўняе знаходжанне ў шэрагах гэтай партыі. Зрэшты, многія з іх, тым не менш, здолелі прыняць удзел ва ўсталяванні савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, але ўсё адно заставаліся пад пэўным падазрэннем, партыйнае кіраўніцтва ў Маскве ставілася да іх з насцярожанасцю.
Сітуацыя змянілася ў лепшы бок толькі ў гады хрушчоўскай адлігі, пасля ХХ з’езду КПСС, у выніку якога члены КПЗБ былі рэабілітаваныя. Тады ж пачалося і актыўнае навуковае даследаванне гісторыі гэтай партыі, а многія яе ацалелыя ўдзельнікі пачалі пісаць і выдаваць успаміны аб сваёй падпольнай дзейнасці ў міжваенныя гады. З таго часу гісторыя Камуністычнай партыі заходняй Беларусі была важным прыкладам для выхавання патрыятызму моладзі, супастаўным з узорамі гераізму часоў Вялікай Айчыннай вайны, але пазней адышла на другі план. Сёння цікаўнасць да гэтай тэмы зноў узрастае — забытыя старонкі гісторыі адкрываюцца наноў і вяртаюцца з нябыту.