І яшчэ кажуць, што праз некалькі гадоў, ужо пасля вайны, Сталіну прынеслі спіс творчых дзеячаў на зацвярджэнне іх у розных ганаровых званнях. І быццам бы правадыр у пераліку імёнаў адразу адзначыў імя Вітольда Каэтанавіча: “А-а-а, акын месца нараджэння таварыша Сталіна?! У яго, бадай, дастаткова заслуг перад савецкай культурай...” — і з гэтымі словамі падпісаў прадстаўленне аб прысваенні нашаму земляку звання народнага мастака РСФСР. А праз пару месяцаў на гэтай хвалі Бялыніцкі-Біруля быў амаль адначасова абраны і акадэмікам Акадэміі мастацтваў СССР, і ганаровым акадэмікам Акадэміі навук БССР. А яшчэ ў 1944-м Вітольд Каэтанавіч атрымаў званне народнага мастака нашай краіны.
Аднак дзеля справядлівасці зараз я хачу ўнесці некаторыя прынцыповыя карэктывы. Па-першае, за ўсё паслярэвалюцыйнае жыццё Сталін асабіста наведаў толькі дзве выставы: 2-ю выставу Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (АХР) у 1928 годзе і выставу, прысвечаную 15-гадавіне РККА, у 1933-м. 23 снежня 1939 года ў Траццякоўцы сапраўды была з вялікай помпай адкрытая мастацкая выстава “Сталін і людзі Савецкай краіны ў выяўленчым мастацтве”, на якой экспанавалася 257 твораў 129 аўтараў, у тым ліку мемарыяльны пейзаж “Горы. Радзіма Іосіфа Сталіна” Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Да гэтага мастак спецыяльна ездзіў у Грузію і пісаў там адпаведныя эцюды. Выстава была прысвечана 60-гадоваму юбілею “лепшага сябра мастакоў” таварыша Сталіна. Канешне, усе чакалі правадыра. Маўляў, абавязкова будзе. Але ён так і не наведаў экспазіцыю. Так што намякаць на тое, што Вітольд Каэтанавіч атрымаў нейкія дзяржаўныя бонусы за прыхільныя да яго адносіны Сталіна, не трэба.
Першы свой сапраўдны “бонус” мастак атрымаў яшчэ ў канцы XIX ст. ад самога Левітана, другі — у 1908 годзе ад імператарскай Акадэміі мастацтваў, калі яго выбралі акадэмікам. А праз тры гады — залаты медаль на Міжнароднай выставе ў Мюнхене, а потым яшчэ залаты медаль і ў Барселоне, таксама на Міжнароднай выставе жывапісу. А трошкі пазней Рэпін пранікнёна сказаў Вітольду: “Я так прывык асвяжацца душой перад вашымі жывымі хваляваннямі праўды, прастаты і свабоды...” Таксама — своеасаблівы бонус...
КАЛІ КВІТНЕЛІ ЯБЛЫНІ І БЭЗ...
Па вялікім рахунку, творчы лёс Бялыніцкага-Бірулі, пачынаючы з канца XIX cт., складваўся вельмі паспяхова, без усякіх там творчых канфліктаў з дзяржавай і з сабой. Хаця з сабой, відаць, маральныя канфлікты ўсё ж былі, асабліва пасля кастрычніцкіх падзей 1917 года, калі яму, выдатнаму пейзажысту, “чыстаму” паэту-лірыку, давялося намаляваць напрыканцы таго ж года “тэматычную” карціну “Напярэдадні Кастрычніка. Баі ля Нікіцкіх варот”. Новая ўлада хацела нацыяналізаваць і дачу “Чайка”, але мастаку дапамог Луначарскі: параіў арганізаваць там мастацкую школу для дзяцей. Словам, пашанцавала, як бессмяротнаму булгакаўскаму прафесару Прэабражэнскаму, у якога швондзеры спрабавалі рэквізаваць частку жылля.
І потым, у 1930-я, неаднойчы даводзілася мастаку не толькі ўтойваць ад улад сваё шляхецкае паходжанне, але і наступаць на горла ўласнай песні. Урэшце, дзякаваць Богу, што Вітольд Каэтанавіч, нягледзячы на свой, так бы мовіць, “ціхі канфармізм”, да канца жыцця захаваў у сабе вялікі талент паэта-лірыка, які шчыра, самааддана любіў прыроду.
...У 75-гадовым узросце мастак нарэшце наведаў Беларусь. Наведаў па запрашэнні Першага сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнкі. Аргкамітэт Саюза савецкіх мастакоў на гэтую паездку парэкамендаваў разам з Бялыніцкім-Біруляй і пейзажыста Мікалая Рамадзіна. Аднак Вітольд Каэтанавіч настаяў на тым, каб з ім быў не хто іншы, як “шаноўны зямляк” і малодшы сябра Антон Бархаткоў. Гэта адбылося ў вяснова-летні перыяд 1947 года. І яшчэ мастак прысутнічаў у наступным годзе на ІІ з’ездзе мастакоў БССР, дзе быў абраны Ганаровым старшынёй нашага Саюза. Сапраўдным старшынёй жа пасля Івана Ахрэмчыка стаў Яўген Зайцаў. Менавіта тады Вітольд Каэтанавіч з трыбуны гэтага з’езда заявіў: “Я заўсёды ўсім сэрцам з вамі, дарагія землякі!” І былі цёплыя сустрэчы з беларускімі мастакамі, з Якубам Коласам і сям’ёй Аладавых...
Пра свой першы прыезд на Радзіму мастак так згадваў (з ліста Антону Бархаткову): “Я шчаслівы, што ў канцы жыцця хадзіў па роднай зямлі ўласнымі нагамі, атрымліваючы асалоду ад нашай беларускай вясны, калі квітнелі яблыні і бэз... Дзён, якія я правёў у роднай Беларусі, не магу забыць і не забуду да самай смерці...”
ДЗЯКУЮЧЫ АЛЕНЕ АЛАДАВАЙ
Так, ад беларускасці Бялыніцкі-Біруля ніколі не адмаўляўся, а наадварот, вельмі ганарыўся сваім паходжаннем. І нічога дзіўнага ў тым няма, што ў нашай краіне сёння знаходзіцца самая вялікая колькасць яго твораў (больш за 450, уключаючы эцюды). Мы маем два музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі (у Магілёве і ў Бялынічах — з помнікамі мастаку), а пачынаючы з 1996 года на Магілёўшчыне (з выездам у Цвярскую вобласць на возера Удомлю) праводзяцца рэгулярныя міжнародныя пленэры. На месцы ж дома ў Крынках, дзе нарадзіўся майстар, устаноўлены мемарыяльны знак... На жаль, гэтай радавой сядзібы сям’і Бялыніцкіх-Біруляў даўно не існуе. Мо таму ён і не пажадаў наведаць тое месца, якога няма, хаця яго мінскія сябры ўгаворвалі гэта зрабіць.
Пра Вітольда Каэтанавіча шмат напісана і сказана. І быццам бы нічога новага тут і не скажаш. Ды паспрабую ўсё ж такі раскрыць толькі некаторыя, не зусім вядомыя для прыхільнікаў выяўленчага мастацтва, эпізоды.
Нагадаю, што ўсё тое, што сёння мы маем з духоўнай спадчыны мастака, — гэта ў першую чаргу заслуга Алены Аладавай. Менавіта яна, дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР і блізкая сяброўка майстра, зрабіла ўсё магчымае, каб пясняр прыроды застаўся назаўсёды з намі, беларусамі.
Мастацтвазнаўца, старэйшы музейшчык Канстанцін Федарышкін распавёў адну цікавую гісторыю, якая цесна звязана з тым, як Аладава здабывала для Беларусі спадчыну Вітольда Каэтанавіча. Акрамя таго, сама Алена Васільеўна мне таксама шмат чаго расказвала пра сваё сяброўства з мастаком і ягонай жонкай, Аленай Аляксееўнай. Дарэчы, я пазнаёміўся з ёй, калі яна гасцявала ў Аладавай у Мінску. Жанчына сімпатычная і вельмі дзелавая...
“ЧАЙКА”. ПРЫГОДЫ З ФУРГОНАМ
Як вядома, мастак пайшоў з жыцця 18 чэрвеня 1957 года, на сваёй дачы “Чайка”, якая знаходзілася на беразе маляўнічага возера Удомля Калінінскай вобласці (былая Цвярская губерня, цяпер — зноў Цвярская вобласць). Яшчэ ў 1912-м мастак набыў тут дзялянку зямлі і выбудаваў дом з майстэрняй, дзе і правёў свае блаславенныя творчыя гады. Тут ён намаляваў лепшыя пейзажы, пачынаючы з класічных палотнаў “Час цішыні” і “Зімовы сон” і заканчваючы карцінамі апошняга года жыцця “Блакітная вясна” і “Вясна ідзе”. З думкамі аб адраджэнні зямлі, аб яе буйным цвіценні ён і пакінуў гэты свет...
І вось Канстанцін Федарышкін (тады ён працаваў у Мастацкім музеі разам з Аладавай) 1 кастрычніка 1972 года быў выкліканы Аленай Васільеўнай у яе кабінет. Аказваецца, планавалася неадкладная, архіважная паездка на дачу “Чайка”, каб вывезці адтуль у Мінск частку дачнай маёмасці мастака і эцюды, якія там яшчэ заставаліся і якія павінны быць перададзены (з дазволу ўрада) удавой Аленай Аляксееўнай Бялыніцкай-Біруля. Дарэчы, Аладава даўно марыла арганізаваць у Мінску музей жывапісца, дзе захоўвалася б лепшая калекцыя яго твораў. Забягаючы наперад, скажу, што такі музей з карцінамі, прыватнымі рэчамі мастака, мэбляй, дакументамі, кнігамі, фатаграфіямі быў адкрыты яшчэ пры жыцці Аладавай 24 снежня 1982 года, праўда, не ў Мінску, а ў Магілёве — у якасці філіяла Дзяржаўнага мастацкага музея БССР...
...3 кастрычніка 1972 года Алена Аладава, Канстанцін Федарышкін і сталяр Анатоль Бурлоў выехалі з Мінска на грузавой машыне “ГАЗ-53”: Аладава — у кабіне, хлопцы — у кузаве. Трэба было праехаць некалькі соцень кіламетраў... На дачы “Чайка” да таго часу ўжо ніхто не жыў: удава мастака даўно атабарылася ў Маскве і сюды завітвала рэдка. Але да прыезду мінчан частка маёмасці “Чайкі” была вывезена ў Маскву, а тое, што засталося, трэба было выратоўваць для Беларусі.
Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі