Каля паўсотні работ, больш за два дзясяткі аўтараў аб’яднаў праект TEX-EXPERIENCE. Аўтары гэтыя — як з Мінска, так і з Віцебска, Полацка, Гродна і Жодзіна, сярод іх і прызнаныя майстры, і маладыя творцы. Эксперыментальнае мастацтва — так: звыклыя габелены тут не ўбачыш. Хутчэй, гледзячы на які экспанат, падумаеш: няўжо і гэта тэкстыль? Але мастацтва тэкстылю ўжо даўно выйшла за рамкі ўтылітарнасці і дэкаратыўнасці, перайшло ў трохмерную прастору — з’явіліся, напрыклад, тэкстыльныя скульптуры. Як з’явілася і многае іншае, калі праца вядзецца не толькі з матэрыялам, не толькі з рознымі спосабамі пляцення — што і з’яўляецца сутнасцю з’явы (лацінскае textere азначае “пераплятанне”), але і з прасторай, з аб’ёмам, а яшчэ і з лічбавымі тэхналогіямі, святлом і самымі разнастайнымі нетрадыцыйнымі матэрыяламі, якія можна “пераплятаць”.
У 60–70-я гады ў сусветным мастацтве тэкстылю адбылася, можна сказаць, рэвалюцыя, і тады ў шырокае карыстанне ўвайшоў тэрмін Fiber art, даслоўна “мастацтва з валакна”: яго сталі ўжываць да тэкстыльных твораў, у якіх эстэтычная каштоўнасць пераважае над утылітарнай. Так і выстава TEX-EXPERIENCE, паводле вызначэння куратараў экспазіцыі мастацтвазнаўцы Наталлі Шаранговіч і мастака Вольгі Рэднікінай, — гэта спроба зазірнуць за гарызонт. Беларускія мастакі па тэкстылі таксама маюць што сказаць, таксама маюць што паказаць. Магчыма, гэтая новая тэкстыльная плынь у нас пакуль не набыла моц, але спроба сабраць з падобных эксперыментаў цэлы выставачны праект, несумненна, падштурхне справу. “Канцэпт” — назва трыенале, і што тычыцца работ у тэкстыльнай тэхніцы, менавіта канцэпт, ідэя набываюць ледзь не першаснае значэнне.
Арт-гасцёўня “Высокае места” мае цікавую планіроўку — з асобнымі пакойчыкамі, лесвіцай, калонамі з нішамі для дэманстрацыі. Воку наведніка разнастайныя творы выставы ў ёй з’яўляюцца як сюрпрызы. А яны і ёсць сюрпрызы — нават абазнаны ў мастацтве чалавек, пэўна, будзе прыглядацца і здзіўляцца: а як гэта зроблена, а з чаго, а як называецца, які сэнс? Сапраўды, і матэрыялы вельмі розныя, і тэхнікі, і вобразы, ды й проста памеры экспанатаў: ад некалькіметровых — як інсталяцыя маладой мастачкі Хрысціны Высоцкай “Душы лесу”, да зусім невялічкіх работ, як, напрыклад, у паважаных аўтараў Наталлі Лісоўскай з Віцебска, серыя “Сонца. Зямля. Дом”, ці Таццяны Козік з Полацка, серыя “Калі сышоў снег”. Ёсць і “карціны” — на ўваходзе ў залу сустракаюць работы Вольгі Рэднікінай, дзе выява ствараецца з выкарыстаннем металічнай сеткі і пластыку. А ёсць і нешта, што адным словам не назавеш, — скажам, вялікі арт-аб’ект, сплецены па прынцыпе бабуліных дыванкоў з рознага рыззя: “Крыніца” Мар’яны Карповіч-Сакаловай. Свой твор мастачка, дарэчы, суправадзіла тлумачэннем, што гэта “вобраз плённай сілы чалавека” і працэс яе вяртання падобны “пошуку папараць-кветкі ў купальскую ноч”. Ёсць няяркія знешне, але з дасціпнай думкай работы з лямцу Анастасіі Арайс, а ёсць вялікія плеценыя па традыцыйным быццам прынцыпе палотны, але з ужываннем металу, шкла, пластыку, паперы, мантажнай сеткі, ці нават святлоадбівальнай стужкі — як у творы Марыі Барысенка “Седзячы на вяршыні свету”. Увогуле адна з залаў выставы аддадзена пад экспанаты, дзе тэкстыль узаемадзейнічае са святлом. Што ні экспанат — то новы сюрпрыз, новая падстава здзівіцца: аўтары індывідуальныя і непадобныя.
Па вялікім рахунку, справа не ў выкарыстанні нетрадыцыйных матэрыялаў і новых спосабах іх пераплятання. Як напісалі куратары ў анатацыі, значэнне мае “новы вобразны складнік, маштаб зробленага аб’екта, яго асацыятыўнасць і актуальнасць”. Справа, паўтаруся, у новай творчай ідэі. І выстава TEX-EXPERIENCE дэманструе вялікую колькасць такіх ідэй. А што адметна — усё гэта жаночыя ідэі. Бо ўсе два дзясяткі аўтараў дзіўных, незвычайных, эксперыментальных твораў — жанчыны. Вось так павялося ў свеце тэкстыльнага мастацтва, што, маўляў, ткацтва, шытво і да таго падобнае — жаночая справа. Калі гаворка пайшла ўжо пра эксперымент, то ў першых яго шэрагах, натуральна, апынуліся ізноў жа жанчыны. Такім чынам да назвы выставы TEX-EXPERIENCE можна было б дадаць і слова WOMAN.