Вось ужо некалькі гадоў, як конкурс імя Юрыя Тарыча мае высокі рэспубліканскі статус, і сёлета ён таксама праводзіўся пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Юрый Тарыч — знакаміты беларускі кінарэжысёр, стваральнік аднаго з фільмаў, з якіх пачыналася гісторыя беларускага кінематографа, — “Лясная быль” 1926 года. У 2010 годзе ў Полацку быў усталяваны помнік Юрыю Тарычу, якога палачане лічаць сваім земляком.
Удзельнічаць у конкурсе “Я здымаю кіно” могуць як індывідуальныя аўтары — дзеці і дарослыя, так і аўтарскія калектывы і студыі: усе ўдзельнікі падзеленыя на тры катэгорыі — “Дэбют”, “Аматар”, “Майстар”. Няма і геаграфічных абмежаванняў, але найбольшую колькасць работ на конкурс прадстаўляюць, зразумела, беларусы, сярод якіх пераважаюць жыхары Віцебскай вобласці, жыхары самога Полацка. І агулам у палачан сёлета атрымалася 17 дыпломаў і нават Гран-пры: у намінацыі “Неігравы фільм” у катэгорыі “Майстар” гэтым пачэсным прызам ушанавалі стужку “Паход на байдарках. Рака Страча”, створаную клубам “Байдарачнікі Полаччыны”. Дарэчы, у гэтай намінацыі было ажно тры Гран-пры, два іншыя атрымалі расійскія канкурсанты: відэастудыя “Кадрыль” з горада Лысьва за фільм “І вось я зноў у Дземянёва” і дзіцячая студыя “Карнавальная мазаіка” з Масквы — за дакументальны цыкл пра гісторыю расійскіх гарадоў.
Пачынаўся калісьці конкурс з вельмі сціплай колькасці фільмаў, і вось цяпер іх — пад дзве сотні. Краіны, канкурсанты з якіх сёлета ўдзельнічалі ў фестывалі, — Беларусь, Украіна, Расія, Кітай. Пераможцы і лаўрэаты вызначаліся ў сямі намінацыях — ігравога, неігравога і анімацыйнага кіно, у адметных намінацыях “Сацыяльная рэклама”, “Эсэ”, “Тэматычная тэлепраграма”, а сёлета дадалася і новая — “Адзінства. Згуртаванасць. Дружба народаў”. Прафесійнае журы восьмага конкурсу “Я здымаю кіно” ўзначальваў старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў, ад Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” у журы працавалі аператар-пастаноўшчык Віктар Бандаровіч і рэжысёры Іван Паўлаў і Алена Турава. Сярод членаў журы — і дацэнт кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Артур Ільіных. Гэта сведчыць пра тое, што стаўленне да конкурсу аматарскіх фільмаў — прафесійнае і многія яго ўдзельнікі разглядаюцца як будучыня беларускага кіно. У закрыцці фестывалю і ўручэнні прызоў стваральнікам найлепшых стужак прымаў удзел генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі. Таксама прафесійныя кінатворцы са сталіцы цягам двух фестывальных дзён правялі ў Полацку майстар-класы.
Гран-пры VIII Рэспубліканскага адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно” таксама атрымалі: за найлепшы ігравы фільм у катэгорыі “Дэбют” — “Дума пра лётчыка” дзіцяча-юнацкай студыі “Жайвір-фільм” з украінскага горада Крапіўніцкі, за найлепшы анімацыйны фільм у катэгорыі “Дэбют” — “Каляровая казачная гісторыя” гомельскай “Анімацыйнай студыі 17”.
Астатнія лаўрэаты былі ўзнагароджаны дыпломамі І і ІІ ступені. Сярод іх і творчыя калектывы агульнаадукацыйных школ, каледжаў, інстытутаў і ўніверсітэтаў, калектывы з цэнтраў культуры і дамоў творчасці, аматарскія кінастудыі і індывідуальныя творцы. Свае ўзнагароды ўручылі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз кінематаграфістаў і Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. З уласнымі прыхільнасцямі ў кожнай намінацыі вызначыліся і гледачы — найбольш Прызоў глядацкіх сімпатый атрымалі аўтары з Полацка. Падрабязна пра ўсіх лаўрэатаў можна даведацца на насычаным інфармацыяй сайце конкурсу, на якім ёсць нават магчымасць паглядзець конкурсныя работы! Там жа можна іх і абмеркаваць — дыскусія на сайце вядзецца даволі бойкая. Фестываль насамрэч жывы і цікавы вельмі многім, кіно — мастацтва, якое аб’ядноўвае творчых людзей і розных узростаў, і розных месцаў пражывання.