Аляксандра Салаўёва пры жыцці ўшанавалі самымі рознымі пачэснымі званнямі — ён быў і заслужаным дзеячам мастацтва Беларусі, і кавалерам ордэна Францыска Скарыны, у Віцебску яго ведаў любы блізкі да культуры чалавек, мастака называлі першым беларускім авангардыстам пасляваеннага часу. Яшчэ ў 1965 годзе малады выпускнік мінскага Тэатральна-мастацкага інстытута прыйшоў працаваць у віцебскі тэатр імя Я. Коласа і як мастак-пастаноўшчык аформіў там вялікае мноства спектакляў. Прычым мастацкія рашэнні Салаўёва — Сансаныча, як яго называлі ў Віцебску, — дазвалялі ў тыя абсалютна неспрыяльныя для авангарднай творчасці часы публічна дэманстраваць свае абстрактныя, сюррэалістычныя творы. І вось з 60-х гадоў і літаральна да гэтага лета мастак тварыў і заставаўся верным сабе. Але пры ўсёй ушанаванасці, пры ўсіх тых заслугах перад мастацтвам і беларускай культурай, пры ўсёй той павазе і любові, з якімі да Сансаныча ставіліся ў Віцебску, на адкрыцці яго выставы ў галерэі Шчамялёва ўсё ж неднойчы прагучала, што “мала цанілі, мала хвалілі, мала ганарыліся…”. У сталічным мастацкім асяроддзі, шчыра сказаць, і мала ведалі, мала цікавіліся.
— Гэта ўнікальны чалавек для беларускай культуры, пра якога, мне здаецца, мы гаварылі недастаткова, — кажа першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. — У нас увогуле прынята неяк недагаворваць пра сябе, недагаворваць пра сваіх вялікіх людзей. Мы быццам саромеемся гучных слоў, саромеемся казаць, што сярод нас ёсць — у дадзеным выпадку, на жаль, ужо былі — людзі, якія літаральна фарміравалі нашую культуру. Аляксандр Салаўёў — абсалютна бліскучая асоба, ён на працягу многіх і многіх дзесяцігоддзяў паслядоўна выказваўся адпаведна са сваім неўнармаваным талентам. Ён заўсёды быў свабодным у творчасці — і такім заставаўся да апошніх дзён жыцця.
Усе свае карціны — жывапіс і графіку — мастак завяшчаў Віцебскаму цэнтру сучаснага мастацтва, і выстава “Як ёсць…” арганізаваная Саюзам мастакоў менавіта разам з Цэнтрам. Выстаўлены толькі жывапісныя работы, якія могуць перадаць нешта самае тыповае, эталоннае з творчасці Аляксандра Салаўёва. А ўвогуле ж за паўвека лік работ ідзе на тысячы. У галерэі Шчамялёва каля 40 карцін, у якіх можна ўбачыць галоўныя, пастаянныя вобразы творцы. Напрыклад, выявы Прарокаў, розныя лікі, пазнавальныя сюррэалістычныя работы з чорным колерам ці, наадварот, з багаццем фарбаў: ва ўсіх ён стараўся перадаць унутраны свет чалавека, свой унутраны свет. Гэтыя карціны з шэрагу тых, што заўсёды акружалі мастака, былі ў яго майстэрні, з якімі ён жыў і гледзячы на якія працаваў.
— Салаўёва трэба глядзець не па адной карціне, — гаворыць дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў, — яго трэба глядзець адразу многа, каб зразумець і ўзровень майстэрства, і глыбіню вобразаў. Яго карціны не падпускаюць да сябе з першага разу, іх не так проста счытаць. Так, гэтае энергічнае і насычанае зместам мастацтва не для лянівых.
Выстава “Як ёсць…” дае магчымасць паглыбіцца ў творчасць майстра, больш дакладна — у адну яго невялікую частку, няхай сабе і такую класічную для творцы. Дарэчы, каб цікаўныя маглі лепей зразумець Аляксандра Салаўёва і падзівіцца яго генію, Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва прывёз у Мінск відэа на некалькі гадзін з маналогам мастака, у якім ён расказвае і пра вайну — а ён яе прайшоў, быў на фронце, — і пра мастацтва, і пра сябе: гэта расповед старога па пашпарце чалавека, але такога маладога па думках, па імкненні да творчасці, па ўспрыманні свету. Побач з карцінамі на выставе стаіць экран, і на ім няспынна паказваецца гэты маналог — можна прысесці на лавачку, паслухаць, сумясціць асобу чалавека, у якога было такое цікавае жыццё, з тымі творамі, што вісяць побач. Старым мастацтва Салаўёва не можа падацца — магчыма, 50 гадоў таму яно і апярэджвала свой час, але цяпер яно менавіта сучаснае. “Мы хочам, каб гэтая выстава ў Мінску стала новым адкрыццём Аляксандра Салаўёва”, — кажа Наталля Шаранговіч. Пра тое ж самае гаворыць і Андрэй Духоўнікаў: “Гэты мастак павінны па-сапраўднаму быць адкрыты для краіны, павінны заняць месца ў шэрагу першых мастакоў нашай сучаснасці. І мы будзем дзеля гэтага працаваць — з тым нацыянальным, без перабольшвання, багаццем, што нашаму Цэнтру, а значыць і Віцебску і краіне, завяшчаў Сансаныч”.