“Музыка надзеі” даўно стала прызнаным гомельскім брэндам: конкурс трывала прапісаўся ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага і праводзіцца ў снежні, у перадкалядныя дні. Але штогод змяняе намінацыі, па чарзе звяртаючыся да прадстаўнікоў розных музычных спецыяльнасцей. Сёлета спаборніцтва ладзілася сярод тых, хто займаецца на драўляных духавых інструментах, а таксама медных духавых ці ўдарных. Паводле традыцыі, конкурс праходзіў сярод вучняў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, пераможцы вызначаліся па дзвюх згаданых намінацыях і па дзвюх узроставых катэгорыях. Але Гран-пры на гэтым спаборніцтве бывае толькі адно: яго ўладальніка абіраюць незалежна ад спецыяльнасці і ўзросту.
Дарэчы, у Гомелі праходзіць толькі заключны этап конкурсу, бо адборачныя туры ладзяцца па абласцях. Сёлета на конкурс была пададзена больш як сотня заявак з Беларусі, Расіі, Украіны. У журы ўвайшлі вядучыя спецыялісты галіны: загадчыкі кафедрамі медных духавых і ўдарных, а таксама драўляных духавых інструментаў БДАМ, прафесары Людміла Кліндухова і Уладзімір Скараходаў, прадстаўнікі Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (Дзмітрый Варанцоў) і Белгародскага інстытута мастацтваў і культуры (Уладзімір Зарыцкі, Мікалай Латышаў) і інш. Сярод узнагароджаных — юныя музыканты з Варонежа, мастэчка Разумнае (Расія) і ўсіх куткоў Беларусі: Бабруйска, Бераставіцы, Воранава, Гомеля, Гродна, Клецка, Лебедзева, Ліды, Магілёва, Мазыра, Маладзечна, Парэчча на Гродзеншчыне, Рагачова, Салігорска, Сенніцы, Слоніма, Слуцка, Смалявічаў, Стара-Барысава.