9 снежня мінуў юбілей Максіма Багдановіча — 130 гадоў з дня нараджэння. Хоць гэты класік правёў большую частку жыцця ў Расіі, ён ведаў свае беларускія карані і хацеў многае зрабіць для нашай краіны, калі б не цяжкая хвароба… У гэты дзень юбілею Багдановіча ў сталіцы адбыўся ўрачысты мітынг, які прывітальным словам адкрыў першы намеснік міністра культуры краіны Валерый Грамада. Пасля шматлікія грамадскія дзеячы, пісьменнікі і паэты, спадкаемцы творчасці класіка, а таксама людзі добрай волі ўсклалі кветкі да яго помніка на Плошчы Парыжскай камуны каля Опернага тэатра. Пасля для прысутных тут выступіў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы. А ўвечары таго ж дня адбылася прэзентацыя кнігі ўспамінаў пра Максіма Багдановіча з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”.
Дагэтуль у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбываліся лекцыі, квэсты, экскурсіі па выставах, заняткі для самых маленькіх, прысвечаныя юбілею. 7 снежня адбыўся сумесны праект Літаратурнага музея з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, дзе экспанаваліся кнігі, якія натхнялі класіка. Гэты праект атрымалася рэалізаваць дзякуючы напружанай архіўнай працы. А сёння, 11 снежня, мае адбыцца ўрачыстая вечарына і святочны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. Прымеркаваны да 130-годдзя паэта, ён пройдзе ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Тут таксама можна будзе паглядзець перасоўную выставу Літаратурнага музея з экскурсійным суправаджэннем.