На тым трымаецца грамадства...
Насупраць майго акна, на заснежаным газоне ў атачэнні дэкаратыўнага хмызняку днямі ўзнік незвычайны хутарок. Я назваў яго “Кацінае шчасце”. Клапатлівыя жыхары зрабілі для бадзяжных катоў жытло з кардонных каробак самых розных памераў. Архітэктура навабуду ўражвае. Але адразу знайшліся і кватаранты: белыя, чорныя, рудыя ды стракатыя. Больш за тое, найбольш актыўныя валанцёры паспрыялі таму, каб кошкам зрабілі аперацыі для таго, каб тыя не мелі больш кацянятак. Мера жорсткая, але вымушаная. Штодня хвастатую грамаду кормяць жанчыны, мужчыны, моладзь, школьнікі, зусім маленькія дзеткі. Уражанне такое, што ўвесь свет любіць насельніцтва хутарка. Хто ж тады прымусіў катоў бадзяжыць ды галадаваць, а цяпло шукаць — пад легкавікамі?
Наша хатняя котка Чэлсі падоўгу сядзіць на падваконні і назірае за хутарской мітуснёй. Яна нават не ўяўляе, што такі лёс можа напаткаць і яе. Правільна, дарэчы, робіць. Яна ў сям’і — галоўная. Калі я з прычыны стомы спрабую з гэтым не пагаджацца, крычу і тупаю нагамі, Чэлсі дэманстратыўна знікае, каб праз паўгадзіны весела прыбегчы абдымацца і гладзіцца. Яна — разумнейшая за мяне, бо не прызнае зла, таму спачувае мне і ўсяляк дапамагае справіцца са старасцю. У адным з сённяшніх лістоў напісана, што спачуванне і дапамога — тыя кіты, на якіх трымаецца грамадства. Цалкам згодны.