ЯГО ТЭОРЫЯ БЕСКАНФЛІКТНАСЦІ
Паўжартам ён казаў, што ягонае прозвішча паходзіць ад слова “лад”. Пэўна, так яно і ёсць. Прынамсі, Вальмен Мікалаевіч заўсёды сваім жыццём гэта падкрэсліваў. Нават напружыўшы памяць, не магу прыгадаць, каб з ім узнікалі нейкія канфлікты.
Да нас ён прыйшоў ужо будучы знакамітасцю, маючы за плячыма той жа Камароўскі рынак ды мноства іншых знакавых аб’ектаў. І тым не меней са студэнтамі першых курсаў Вальмен Мікалаевіч умеў стасавацца ледзьве не на роўных. Яны яго ўвесь час атачалі ў захапленні!
Выкладчыкі яго палюбілі таксама. У нас была традыцыя штогод у першы дзень летняга адпачынку выпраўляцца на лецішча да Аладавых, якое Вальмен Мікалаевіч рупліва паляпшаў да апошніх гадоў жыцця. Гэты прыём у цудоўнай інтэлігентнай сям’і мы ледзь не цэлы год чакалі. Бо ўвесь час нам, выкладчыкам, бракавала зносінаў у нефармальнай абстаноўцы. Ён гэта разумеў — і ствараў такую магчымасць.
Аладаў хутка стаў тут чалавекам-легендай: людзі спецыяльна прыходзілі, каб на яго паглядзець. Студэнтаў вабіла тое, што ў яго за спінай — багатая практыка. І менавіта ў такім рэчышчы ён і працаваў. Усе хутка зразумелі, што гэта не проста тэарэтык — гэта чалавек, які можа перадаць свой унікальны досвед і шчодра гатовы ім падзяліцца.
За гады працы праз яго прайшла проста безліч студэнтаў! У тым ліку і замежных, з самых розных частак свету — ад Кубы да Афрыкі. І ўсім ім ён пакрысе перадаваў сваё стаўленне да архітэктуры і да жыцця. З усімі ўмеў знаходзіць агульную мову. Ніколі не ўзнікала сітуацыі, калі ён браў дыпломніка, але той праз нейкі час прасіў памяняць кіраўніка, — хаця наогул такія справы здараюцца.
Чаму? Я магу патлумачыць — бо назірала за тым, як ён ацэньвае працы сваіх студэнтаў. Думаю, гэты прынцып тычыцца і калег-архітэктараў, бо пазіцыю сваю ён меў заўсёды і выказваў яе прынцыпова.
У стасунках “выкладчык — студэнт” адразу зразумела, чый узровень кампетэнцыі шматкроць вышэйшы. Але калі ты пачнеш гэта выяўляць ды паказваць адны недахопы, пачатковец будзе дэматываваны і пазбаўлены прагнення.
Вальмен Мікалаевіч сваю прамову заўсёды пачынаў з кампліментаў. Ён старанна знаходзіў усё станоўчае, гучна хваліў. А ўжо потым далікатна тлумачыў, што і як трэба змяніць, каб праца стала лепшай.
Вось таму і канфліктаў не ўзнікала. Хіба будзеш ты сварыцца з тым, хто цябе хваліць?
Пераглядаючы ягоныя фота, я неяк заўважыла: ён увесь час пасміхаецца! Гэты добразычлівы выраз твару запомню на ўсё жыццё!
Наталля ЛАЗОЎСКАЯ, загадчыца кафедры “Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў” архітэктурнага факультэту БНТУ
ЁН НІКОЛІ НЕ СТАВІЎ СЯБЕ ВЫШЭЙ ЗА ІНШЫХ
Прыйшоўшы да нас, Аладаў адразу прыўнёс струмень практычнай дзейнасці. Была створаная майстэрня-школа — Вальмен Мікалаевіч прыцягваў студэнтаў да выканання канкрэтных замоў. Літаральна з другога курса яны маглі зведаць смак рэальнай працы і вучыцца наладжваць стасункі з заказчыкам — чаму ён надаваў асаблівую ўвагу. Прычым замоўцы тады былі з усяго Савецкага Саюза.
А калі студэнты бачаць свой унёсак у рэальны праект — паверце, гэта вельмі матывуе.
У майстэрні распрацоўваліся вельмі важныя для ўсіх нас тэмы. Скажам, адаптацыя жытла да патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ставілася задача вырашыць, як змяніць параметры памяшкання, як узгадніць гэта з нарматыўнай дакументацыяй… Альбо розныя варыянты балконаў і лоджый у кантэксце фасада будынка. Гэта была творчая лабараторыя, якая ставіла за мэту менавіта канкрэтныя вынікі.
Што да мяне… Менавіта ён натхніў мяне напісаць дысертацыю, і я стала ягонай першай суіскальніцай. Ягоныя словы пра тое, як важна паступова ды няўхільна ісці да мэты, адкідаючы ўсе сумневы, тады вельмі на мяне паўплывалі.
І яшчэ адразу ўразіла тое, што ў Вальмена Мікалаевіча і блізка не было снабізму, хаця, калі мы пазнаёміліся, ён быў ужо знакамітасцю. Яго інтэлігентнасць не дазваляла, каб ён ставіў сябе вышэй за іншых. І менавіта простасць стасункаў з ім выяўляла ягоныя глыбокія культурныя карані.
Ён быў чалавекам пазітыўным і прагрэсіўным. Вельмі зычлівым, галантным, ветлівым, здатным адчуваць натуру іншага. Чалавекам глыбока культурным літаральна ва ўсім — і ў паводзінах, і ў маўленні, і ў жыцці.
Таццяна РАК, дацэнт БНТУ
Падрыхтаваў Ілья СВІРЫН