У беларускім кінематографе ёсць два слаўныя рэжысёры: Аляксандр Якаўлевіч Карпаў — бацька і Аляксандр Аляксандравіч Карпаў — сын. 20 студзеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Карпава-старэйшага, а малодшы, знакаміты найперш дакументальнымі стужкамі, і вёў вечарыну памяці бацькі, і прапанаваў гасцям вечара свой фільм, прысвечаны бацьку, “…Пра кінарэжысёра…”. Акрамя таго, ён падзяліўся пэўнымі ўспамінамі, а яшчэ прадставіў усім нечаканае — разыграны запрошанымі артыстамі ўрывак з п’есы ў вершах “31 чэрвеня” аўтарства свайго бацькі — напрыканцы жыцця рэжысёр захапіўся і гэтым відам творчасці. А пакінуў свет Аляксандр Якаўлевіч у студзені 1995-га, было яму тады 75 гадоў. У свой час ён узначальваў тэлевізійнае аб’яднанне “Беларусьфільма”, быў сакратаром Саюза кінематаграфістаў БССР.
Самыя славутыя фільмы — “Доўгія вёрсты вайны” і “Яго батальён” паводле твораў Васіля Быкава, “Вясельная ноч” паводле твора Івана Шамякіна, “Заўтра будзе позна” пра славацкага антыфашыста Яна Налепку — гэта работы 70—80-х гадоў, знятыя на “Беларусьфільме”. І гэта сапраўды галоўныя творы рэжысёра, а трылогія “Доўгія вёрсты вайны” 1975 года паводле трох аповесцей Васіля Быкава — увогуле адзін з найлепшых і сумленных фільмаў пра вайну, успрыманне якога не змянілася з цягам часу. Аўтарам сцэнарыя быў сам Васіль Быкаў, работа аказалася і вельмі годнай для аўтараў — франтавіка Быкава, франтавіка Карпава, і любімай і папулярнай у гледачоў. Як казаў рэжысёр: “Я паказваў вайну не па чужых карцінках і расповедах — я стараўся расказаць сваё, тое, што і як я бачыў на вайне. Самай значнай падзеяй у маім творчым жыцці было знаёмства з Васілём Быкавым. І для мяне, і для Быкава на першым плане — чалавек, яго стаўленне да смерці, да жыцця”. Аляксандр Карпаў на вайне быў камандзірам танка, удзельнічаў у бітве пад Курскам, узнагароджаны двума ордэнамі. І ў рэтраспектыве фільмаў, што ішла напрыканцы студзеня ў Музеі гісторыі беларускага кіно, усе гэтыя знакамітыя карціны, канешне, паказваліся.
Але былі і фільмы, знятыя Аляксандрам Карпавым яшчэ тады, калі ён працаваў на Алма-Ацінскай кінастудыі, на вечары памяці паказвалася менавіта такая карціна — “Цішыня” 1960 года: камерная і вельмі чалавечная стужка пра людзей, што жывуць на маленькай чыгуначнай станцыі ў бяскрайніх казахскіх стэпах. За фільм “Сказ пра маці” 1963 года ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Казахскай ССР і званне заслужанага дзеяча. У Беларусі пазней рэжысёр таксама атрымаў гэтае пачэснае званне. У Казахстане Аляксандр Карпаў адпрацаваў больш за 10 гадоў, зняўшы шэраг знакавых для казахскага кіно фільмаў. На вечары памяці 27 студзеня пра гэта таксама згадвалася.
Больш за тое, як расказаў Аляксандр Карпаў — сын, яго бацька Аляксандр Якаўлевіч быў у ліку родапачынальнікаў і кіргізскага кіно. Тады выпускнік рэжысёрскага факультэта Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі трапіў па размеркаванні на “Масфільм”, але ў чаканні вялікай работы ў Маскве яму прапанавалі дапамагчы маладому кіргізскаму кінематографу і зняць фільм там. Фрунзенская студыя, як яна тады называлася, не мела дастатковых магчымасцей для вытворчасці якаснага поўнаметражнага кіно, і здымаць давялося ў Казахстане. На Алма-Ацінскай студыі Аляксандр Карпаў потым і застаўся. А той адзін з самых першых ігравых поўнаметражных фільмаў Кіргізскай ССР называўся “Далёка ў гарах”: на экраны ён выйшаў у 1958 годзе. Паводле слоў сына, “па тым часе атрымаўся круты вестэрн”: у стужцы расказвалася пра змаганне бальшавікоў і кіргізскіх сялян супраць баяў і басмачоў за лепшае жыццё. Гэтую стужку таксама, дарэчы, можна пабачыць у інтэрнэце, як і многія іншыя фільмы Аляксандра Якаўлевіча Карпава. Што адметна, іх глядзяць і зараз, і ў водгуках не шкадуюць захопленых слоў. А не кожны стары савецкі фільм зараз мае такі гонар, многае незваротна састарэла, страціла актуальна. Але майстэрства заўсёды актуальна. А лепшыя карціны Аляксандра Карпава — карціны, знятыя на “Беларусьфільме” і прысвечаныя тэме вайны — у Беларусі не забываюцца і часта з’яўляюцца ў праграме тэлеканалаў.