ГОД НАРАДЖЭННЯ — 1941
Нарадзілася Кацярына Панчэня 30 лістапада 1941 года, калі фашысты акупавалі Беларусь і яе родную вёску. Аднак даведалася пра сапраўдную дату нараджэння толькі нядаўна, дзякуючы земляку Міхасю Кузьмічу, які летась напісаў і выдаў кнігу “Мой Пагост”.
Бацька з самага пачатку вайны пайшоў на фронт, а маці з чатырма дзецьмі ратавалася ў сваякоў у вёсцы Іванава Слабада Лельчыцкага раёна. Пагост гарэў некалькі разоў, фашысты здзекваліся з мірных людзей, забівалі, выганялі на прымусовыя работы ў Германію. 22 жніўня 1941 года зажыва спалілі 69 чалавек...
Але гора ды бяда не азлобілі, не падкасілі працавітых і моцных пагосцкіх людзей. Пасля вайны адбудоўвалі вёску, працавалі з рана да вечара на сваёй пладавітай зямлі, ды і самі былі пладавітымі — праз дзесяць гадоў, як ніколі, вёска падрасла насельнікамі аж да 1222 чалавек. Моладзь імкнулася да таго, каб атрымаць адукацыю, праславіць родны кут сваёй працай.
СЯМЕЙНЫЯ МУЗЫЧНЫЯ ТРАДЫЦЫІ
Кацярына яшчэ падлеткам выявіла сябе як спявачка, ды і працавітасцю таксама Бог яе не абдзяліў. У прадзенні, ткацтве і вышыўцы не адставала ад лепшых майстрых. Змалку яе выхоўвала бабуля, а ў творчым плане яна шмат пераняла ад цёткі і хроснай маці. Як падрасла, запамінала народныя легенды і паданні, якія чула на вячорках у бацькоўскай хаце, была здольнай да танцаў і мела выдатны слых, атрымаўшы яго ў спадчыну ад бацькі — знакамітага на Тураўшчыне гарманіста, майстра на ўсе рукі Аляксея Кузьміча. Ён валодаў рэдкім дарам гумару і заўсёды ўмеў стварыць святочную атмасферу, за што яго паважалі аднавяскоўцы.
Уся сям’я была музычнай — кожны спявак, музыкант, танцор. Калі выйшла замуж, то і сваім сынам перадала музычныя гены дзеда — двое сталі выдатнымі гарманістамі. Змяніўшы многія сельскія прафесіі, у 1980 годзе стала працаваць загадчыцай клуба і арганізавала ў Пагосце фальклорна-этнаграфічны гурт “Міжрэчча”. Да гэтага ў клубе выступаў хор з мясцовых спявачак, але рэпертуар быў сцэнічны — ставілі сцэнкі, чыталі байкі, а песні спявалі ў асноўным патрыятычныя і на тэмы калгаснага жыцця.
Кацярына Аляксееўна заўсёды разумела каштоўнасць роднай музычнай спадчыны і абрадавай культуры, таму пачала падтрымліваць тыя традыцыі, якія памятала з дзяцінства, бо бачыла, што яны сталі забывацца пад уплывам панавалай тады барацьбы з рэлігіяй, а заадно і з народнымі традыцыямі. Для яе і тое, і другое было часткай душы. “Без Бога ні да парога”, — кажа яна заўсёды. “Беражыце сваю гаворку, песні, абрады, спадчыну нашу, што перадалі нам продкі”, — заўсёды вучыць моладзь. Збірала, як пчолка, ад старэйшых спявачак “колішнія песні”, якія падзабыліся, аднаўляла як мага паўней каляндарныя і сямейныя абрады.
Яе працу заўважыў Васіль Ліцвінка, доктар філалагічных навук з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аўтар і вядучы тэлеперадачы “Запрашаем на вячоркі”, шмат здымаў гэты калектыў у студыі Белтэлерадыёкампаніі і ў самім Пагосце.
Прывёз і мяне ў Пагост, пазнаёміў з Кацярынай Аляксееўнай. У многім дзякуючы яе багатаму фальклорнаму багажу Тураўшчына стала маёй палявой тэрыторыяй, якую я даследую з пачатку 90-х гадоў. Гэта так званае Малое Палессе, у якое ўваходзіць правабярэжжа Прыпяці Жыткавіцкага раёна, Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці, часткова Столінскі раён Брэсцкай вобласці. Параўноўваючы традыцыйную культуру розных вёсак і яе захаванасць да нашых дзён, можна зрабіць выснову, што найбольш поўна фальклорная спадчына з яе асноўнымі этнічнымі рысамі захавалася ў Пагосце.
СУСВЕТНАЯ СЛАВА
І яна жывая, гэтая спадчына. Нездарма першай у нашай краіне статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці атрымала традыцыя святкавання веснавога Юр’я з абрадам “Карагод” у вёсцы Пагост, якая ніколі тут не перарывалася. 23 лістапада 2004 года дакументы разгледзела Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, а 14 мая 2007 года зацвердзіў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 2019 годзе гэты абрад уключаны UNESCO ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы. Гэты абрад можна лічыць этнічным маркерам Тураўшчыны, бо ён існуе тут спрадвеку і некалі праводзіўся 6 мая ва ўсіх вёсках.
У 2012 годзе Кацярына Панчэня была асноўнай гераіняй поўнаметражнага дакументальнага фільма “Дачка Прыпяці”. Яе лёс цалкам звязаны з гэтай ракой — праз прыроднае асяроддзе, штодзённую працу, памяць пра памерлых і клопат пра жывых, традыцыйную культуру і праваслаўную веру, аднасяльчан і сябровак-спявачак.
Фільм “Кола часу” таго ж года выпуску знаёміць гледача з традыцыйнай культурай вёскі Пагост. Разам з усімі жыхарамі гурт “Міжрэчча” на працягу гадавога кола народнага календара захоўвае абрады на Нараджэнне Хрыстовае і Шчадрэц, гуканне вясны ў апошні дзень Масленіцы і на Сарака святых 22 сакавіка, звычаі памінання продкаў, свята Юр’я, памятае старажытны абрад “Жаніцьба Коміна”.
ЧАМУ “МІЖРЭЧЧА”?
Назву “Міжрэчча” калектыў носіць таму, што вёска знаходзіцца на паўвостраве ў месцы ўпадзення ракі Сцвіга ў Прыпяць. Мясціна адметная ў гісторыі Тураўшчыны, бо дагэтуль захоўвае самы шанаваны некалі ў гэтым краі каменны “Часны крыж”, а пратока Тур, якая даходзіць да цэнтра сяла, верагодна, дала назву Тураву. Праз гэтую пратоку, сістэму каналаў і рачулак сюды прыплывалі на чаўнах мясцовыя жыхары на свята Узвіжанне 27 верасня, каб пакланіцца гэтаму крыжу і прывезці даніну князю.
Цікава, што слова “пагост” азначае месца збору людзей, таму і вёска так называецца. Вядома, што пагосты ўстанаўлівала яшчэ кіеўская княгіня Вольга. Археалагічныя знаходкі ранняга жалезнага веку з Пагоста, якія захоўваюцца ў Тураўскім краязнаўчым музеі, сведчаць, што насельніцтва тут жыло спрадвеку і заставалася пастаянным, стварыўшы багатую традыцыйную культуру. Яе захаванне да нашага часу — несумненная заслуга Кацярыны Аляксееўны Панчэня.
Да бабы Каці, як яе ласкава называюць, едуць турысты не толькі з розных куткоў Беларусі, а і з-за мяжы. Адметная сакавітая тураўская гаворка, нязменны гумар і аптымізм, адкрытая людзям душа спявачкі і майстрыхі, гатовай усіх гасцінна прыняць у сваёй хаце, падзяліцца ведамі і навыкамі, адарыць колішнімі песнямі і ручнымі вырабамі робіць сустрэчы з ёю незабыўнымі. Мясцовы клуб таксама адкрыты для гасцей — яго супрацоўнікі разам з Кацярынай Аляксееўнай і спявачкамі гурта знаёмяць з гісторыяй вёскі, побытам жыхароў, старадаўнімі рамёствамі, абрадамі і звычаямі, частуюць мясцовымі традыцыйнымі стравамі.
Пагосцкая Берагіня заклапочана толькі тым, каб не згінула спадчына роднай вёскі, бо карэнных жыхароў становіцца ўсё менш, моладзь з’язджае ў гарады ў пошуках працы, вольныя хаты скупляюць дачнікі. За тое, што Кацярына Панчэня зберагла да нашага часу разам з усімі пагашчанамі — нізкі ёй паклон, пажаданні здароўя і 100 гадоў жыцця.
Рэгіна ГАМЗОВІЧ
Фота з архіву Пагосцкага клуба