Дзяўчына танчыла так па-майстэрску і з натхненнем, што Альхавікова, якая пераходзіла на іншую працу, прапанавала Таццяне ўзначаліць танцавальны калектыў. Рэпетыцыі, выступленні на розных канцэртных пляцоўках сталі для дзяўчыны сутнасцю яе жыцця. Так са школьнай парты (у 1988 годзе) Таццяна стала кіраўніком і харэографам ужо вядомага ў горадзе калектыву.
ВЯДУЧЫ ТАНЦАВАЛЬНЫ КАЛЕКТЫЎ
Таццяна паступіла на завочнае аддзяленне Магілёўскага вучылішча культуры па спецыяльнасці рэжысёр масавых святаў і абрадаў і з натхненнем, велізарным жаданнем і поўнай самааддачай прыступіла да працы. Мэтанакіраванае творчае гарэнне, штодзённая напружаная праца, пастаяннае самаўдасканаленне далі свой плён — рытм балет “Эўрыдыка” стаў адным з вядучых танцавальных калектываў горада, у 2015 годзе стаў народным. З вялікім поспехам рытм-балет выступаў на розных канцэртных пляцоўках у горадзе і за яго межамі: ездзілі на БАМ, удзельнічалі ў XII гарадскім свяце і адкрыцці курортнага сезону г. Светлагорска Калінінградскай вобласці, навагодняга губернатарскага канцэрта ў г. Гомелі, справаздачным канцэрце творчых калектываў Гомельшчыны ў Палацы Рэспублікі, прымалі ўдзел у праекце БТ “Зорная росстань”, пабывалі ў Германіі, Польшчы, Таджыкістане і інш.
У скарбонцы калектыву шмат творчых перамог: другое месца ў міжнародным конкурсе “Янтарная вясна” ў Калінінградзе, дыпломы на некалькіх рэспубліканскіх конкурсах маладых талентаў — “Зорка ўзышла над Беларуссю” і рэспубліканскім фестывалі “Беларусь — мая песня!”. Ансамбль таксама з’яўляецца дыпламантам абласных конкурсаў “Ступені”, “Пад белымі крыламі” і фестываляў “Зямля пад белымі крыламі”, неаднаразовы лаўрэат раённага фестывалю-конкурсу юных і маладых талентаў “Правінцыя” і інш.
Многія былыя члены калектыву сталі займацца танцамі на прафесійным узроўні: Ірына Бурак стварыла сваю прыватную школу “Ірэн” у Гомелі, Ірына Смелая адкрыла прыватную школу танца ў Светлагорску, Алена Уладзімірава выкладае харэаграфію ў Швейцарыі ў рускай школе і ў Доме культуры. Многія былыя танцоркі выкладаюць фітнес і пілатэс у Беларусі і за мяжой. У 2020 годзе падчас каранціну Т. Шыдлоўская прыдумала і рэалізавала летні анлайн танцавальны хіт-парад “Жыві, кахай, танцуй!”, у якім бралі ўдзел як цяперашнія, так і былыя ўдзельніцы рытм-балета. Дзяўчаты здымалі 1-2-хвілінны відэаролік, з запісам іх выканання ўрыўка любімага танца з рэпертуару калектыву “Эўрыдыка”. Праект атрымаўся міжнародным, бо у ім прынялі ўдзел больш за 50 дзяўчат, якія жывуць сёння ў Мінску, Гомелі, гарадах Германіі, Італіі, Грэцыі, Швейцарыі, Японіі.
У цяперашні час у складзе калектыву 16 танцорак ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў, займаюцца сем гадзін у тыдзень. У калектыву маса прыхільнікаў, якія не шкадуюць эпітэтаў і называюць танцорак пяшчотнымі, элегантнымі, грацыёзнымі, стыльнымі. На юбілейным вечары, прысвечаным 40-годдзю рытм-балета, не тое, што яблыку, сліве няма дзе было ўпасці.
КУЗНЯ КАДРАЎ ДЛЯ РЫТМ-БАЛЕТА
Склад калектыву пастаянна мяняецца: выпускніцы школы з’язджаюць вучыцца ў ВНУ, кагосьці адцягваюць ад заняткаў сямейныя клопаты, загружанасць на працы і г.д. Таму Таццяна Шыдлоўская ў 2019 годзе стала яшчэ і кіраўніком студыі сучаснага класічнага танца “Балетка”, у якім займаецца 5 гадзін на тыдзень 30 дзяўчынак 10-12 гадоў. “Балетка” актыўна выступае на розных канцэртных пляцоўках горада, прымала ўдзел з танцам “Сацыяльныя сеткі” ў музычнай феерыі “Русалочка.by” народнага тэатра “Авантура”. Студыя сёлета заваявала Гран-пры на міжнародным конкурсе “START” за твор “Чуць мару” ў намінацыі “Сучасны танец”.
СІМБІЁЗ ТАНЦА І ПЕСНІ
У цяперашні час у рэпертуары рытм-балета больш за дваццаць харэаграфічных кампазіцый. Танцам-доўгажыхаром, які існуе ў рэпертуары калектыву больш за 30 гадоў, з’яўляецца кампазіцыя па песні Кайлі Міноуг “Толькі для цябе” (“Especially for you”). Харэограф імкнецца ісці ў нагу з часам, стварае сучасныя танцавальная кампазіцыі, напрыклад, танец у стылі кантэмпарары.
Творчыя здольнасці Таццяны Шыдлоўскай рэалізуюцца ў яшчэ адным яе праекце: яна стварае тэатральна-вакальна-харэаграфічныя нумары. Сама Таццяна спявае, а рытм-балет не проста ўдзельнічае другім планам у падтанцоўках, а стварае свайго роду міні-спектакль песні, у якім яе тэкст выяўляецца жэстамі, мімікай, усмешкамі, танцавальнымі рухамі, акцёрскай гульнёй, што дапамагае ярчэй выказаць ідэю музычнага твора. Так, фурор у глядзельнай зале заўсёды выклікае кампазіцыя па песні з рэпертуару М. Шуфуцінскага “Пагадай-ка мне, цыганка”. Яркія маляўнічыя касцюмы, запальная музыка, выразныя танцавальныя рухі ўвасабляюць у танцы вольную палаючую душу цыганскага народа так, што некаторыя гледачы не ў сілах ўседзець на месцы і таксама кідаюцца ў скокі на танцпляцы. Дарэчы, мадэлі касцюмаў прыдумляе і малюе сама харэограф. Касцюмы дапамагаюць стварыць пэўную атмасферу. Так, для міні-спектакля па песні А. Разенбаума “Дзе-небудзь, як-небудзь” у спявачкі белы капялюш і арыгінальнае чорна-белая сукенка, у танцорак — чорныя капелюшы і высокія гіпюравыя боцікі.
У рэпертуары калектываў “Эўрыдыка” і “Балетка” ёсць не толькі лірычныя і вясёлыя танцы, але і кампазіцыі патрыятычнага і грамадзянскага гучання. Напрыклад, кампазіцыя “На мяжы” створана пад музыку некалькіх кінафільмаў і прысвечана памяці загінулых вязняў фашысцкіх лагераў смерці. На вачах гледачоў слёзы наварочваюцца…
ТВОРЧАЯ МАЙСТЭРНЯ ХАРЭОГРАФА
Таццяна Шыдлоўская не толькі кіруе рытм-балетам і студыяй, але і прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах СЦК. Што такое творчасць, як узнікаюць ідэі твораў? Апісаць гэты працэс, мабыць, немагчыма, як нельга, па словах гераіні вядомага фільма, “... прыкнопіць да сцяны сонечнага зайчыка”. Ідэі новых творчых кампазіцый ўзнікаюць у Таццяны Шыдлоўскай у працэсе імправізацыі. Яна ўжо неаднаразова выступала на канцэртах не з загадзя падрыхтаваным танцам, а з імправізацыяй на дадзеную музыку. Танец атрымліваецца такім стылістычна і эмацыйна правільным, лагічна завершаным, што нават калегі не могуць паверыць, што ўсё гэта - імгненная імправізацыя, а не загадзя пастаўленая кампазіцыя. Загвоздка ў тым, што Таццяна Анатольеўна сама не разумее, як да яе прыходзяць ідэі імправізацыі і не можа потым успомніць паслядоўнасці рухаў, бо яна проста ляціць-жыве ў імгненным увасабленні ўзнікаючых ідэй і асацыяцый. Таму харэограф прыдумала такую методыку. Яна ўсаджвае танцорак і просіць іх запамінаць рухі і іх паслядоўнасць у імправізаванай кампазіцыі. Затым харэограф пачынае сама танчыць пад упадабаную ёю мелодыю. Дзяўчаты імкнуцца ўсё запомніць. Потым яны разам з Таццянай Анатольеўнай запісваюць усё, што запомнілі. Так узнікаюць новыя танцавальныя кампазіцыі, народжаныя палётам творчай фантазіі. Напрыклад, так створаны танец “Картачны домік”, у якім адначасова прымаюць удзел і рытм-балет, і студыя.
САКРЭТ ПОСПЕХУ
Жанравая разнастайнасць танцавальных нумароў, якія ствараюцца Таццянай Шыдлоўскай, не абмежаваная — гэта эстрадныя, сюжэтныя, гульнявыя кампазіцыі і стылізаваныя танцы народаў свету. Кожная з пастановак дарагая для майстра па-свойму: няхай гэта будзе чароўны і загадкавы ўсход або стыльны эстрадны танец сучаснай харэаграфіі. Сакрэт поспеху калектыву харэограф бачыць у адным: рэпетыцыі, рэпетыцыі, рэпетыцыі... На пытанне аб тым што, калі б з’явілася магчымасць вярнуцца ў юнацтва і зноўку выбраць сабе прафесію, то кім бы яна хацела стаць, Таццяна Анатольеўна адказала: “Кіраўніком і харэографам рытм-балета “Эўрыдыка” і студыі “Балетка”.
Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорск