“Найболей прыкметных навучэнцаў называць не буду, каб не перахваліць, — кажа Міхаіл Рыгоравіч, — але назаву некалькі нашых вядомых выпускнікоў. У 2020 годзе адзіным лаўрэатам дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне архітэктуры і выяўленчага мастацтва стаў малады педагог акадэміі Канстанцін Касцючэнка. Яшчэ адзін наш талент — Алеся Скарабагатая, шматразовы прызёр глядацкіх сімпатый “Восеньскага салона”. Згадаю Дзяніса Чубукова — майстра ў галіне мазаікі. Таму ў таленавітых студэнтах у нас адбою няма. У БДАМ шырокая геаграфія навучэнцаў. Ёсць студэнт з ЗША, двое датчан, вялікая колькасць кітайскіх навучэнцаў. А ўсяго ў нас вучацца больш за 1000 чалавек з розных куткоў Беларусі і замежжа”.
— У некаторых ВНУ краіны ў гэтым годзе быў недабор, ці закранула гэтая праблема БДАМ?
— На бюджэтную форму навучання ў нас конкурс быў вышэйшы, чым у мінулым годзе, а вось на платную, сапраўды, для грамадзян Беларусі быў недабор на 3 месцы. Хоць неапраўданага павышэння цаны навучання ў нас няма. Ды і не сказаць, што на платнай форме вучацца менш таленавітыя студэнты, чым на бюджэце. Проста так атрымалася, што прахадны бал, як звычайна, быў досыць высокім, і не ўсіх рацыянальна было залічаць. За паступленнем абітурыентаў я сачу даўно, з 1992 года, калі пачаў працаваць у акадэміі, і скажу, што наша зямля багатая на таленты. Але, бывае, на нейкім асобным факультэце ўсплёск падачы заяў у адзін год, а ў іншы ўжо менш.
А вось прыклад агульнасусветнай тэндэнцыі: скульптарамі хоча быць зусім невялікая колькасць людзей. Бо гэта цяжкая праца з глінай, мармурам, бронзай, зваркай па метале. Тым не менш, за апошнія 10 гадоў нашымі выпускнікамі створана 70 манументальных аб’ектаў.
— Ці ёсць у акадэміі сістэма мэтавых набораў?
— Да гэтага года ў нас не было мэтавых набораў. Аднак неўзабаве будуць унесены змены ў кодэксе аб адукацыі, па якіх такія наборы не будуць звязаны з населенымі пунктамі з пэўнай невялікай колькасцю насельніцтва. У такім выпадку мы пачнем навучаць так. Бо трэба разумець, што скульптары і кінарэжысёры, якіх мы рыхтуем, могуць не знайсці сябе ў правінцыйным гарадку. Тым не менш, маё перакананне, што навучэнцам неабходна знаёміцца з самымі аддаленымі месцамі Беларусі, праходзіць там практыку.
— Як праходзіць навучанне творчай спецыяльнасці?
— Шмат у чым яно мае падабенства з іншымі ВНУ. Ёсць тэарэтычныя дысцыпліны: замежная мова, філасофія, гісторыя мастацтваў і, канешне ж, практычныя дысцыпліны. Для мастацкага факультэта і дызайну галоўным, як пры паступленні, так і ў працэсе навучання з’яўляецца акадэмічны малюнак. Гэта самы дакладны і тонкі прадукт мастацкай дзейнасці. Акадэмічны малюнак — гэта доўгае маляванне, якое паказвае творчыя магчымасці чалавека. Часта такі падыход да навучання крытыкуюць і кажуць, што акадэмізм дрэнна ўплывае на творчае самаадчуванне чалавека. Але маё глыбокае перакананне, што базавая школа малявання ніколі не будзе лішняй для прафесійнага мастака. Акадэмія мастацтваў адна ў Беларусі, і мы кіруемся прынцыпамі ўніверсальнасці. Гэта павінны ўлічваць i абітурыенты, якія паступаюць сюды, разумець прынцыпы нашага навучання. Але і канцэптуальнаму мастацтву ў гэтых сценах можна таксама навучыцца. Пра гэта кажа каталог-штогоднік усіх дыпломных работ, які выпускаецца ў акадэміі. Прагледзеўшы яго, можна пераканацца, што ў выпускнікоў у выніку няма, скажу так,“засілля акадэмізму”.
— Для каго вашы падрыхтоўчыя курсы і перападрыхтоўка? Каму варта станавіцца магістрам і аспірантам?
— Падрыхтоўчыя курсы кампенсуюць недахоп валодання спецыфічнымі ведамі. Засмучу многіх бацькоў — курсы не даюць гарантыі паступлення, не азначаюць, што тыя, хто іх скончыў, будуць мець паблажкі. У перападрыхтоўцы ж вельмі папулярная рэжысёрская спецыяльнасць. Яна для тых, хто хоча патрапіць у творчую сферу або займацца ў сябе на прадпрыемстве такой спецыфічнай працай.
Магістры і аспіранты вельмі патрэбныя акадэміі, дзякуючы іх важкаму ўнёску наша навучальная ўстанова развіваецца. Навуковая школа ў нас існуе з 1962 года.
— Якія творчыя планы асабіста ў Вас, над чым працуеце?
— Сумяшчаю дзейнасць вучонага і мастака з працай рэктара. Зараз я завяршаю аб’ёмную манаграфію, прысвечаную візуальнай культуры Беларусі XX стагоддзя. Таксама рыхтую выставу сваіх работ у наступным годзе. Ужо 12 гадоў я ўзначальваю рэспубліканскі мастацка-экспертны савет па манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Таму такія аб’екты, як Форт памяці ў Трасцянцы, помнік Гедыміну, помнік дзецям вайны ў Магілёве і шматлікія іншыя створаны дзякуючы працы савета і ў тым ліку маім напрацоўкам. Акрамя таго, я падрыхтаваў 9 аспірантаў. Напэўна, за ўсё гэта і быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны ў 2019 годзе.
— Як наладжаны побыт студэнтаў?
— Інтэрнат у нас усяго на 201 чалавека, што недастаткова, а пабудаваць дадатковы за сродкі акадэміі мы не можам. Працуе кафэ з гарачым харчаваннем. Стыпендыя існуе, але яна таксама можа здацца невялікай, хоць мы зараз вядзем працу, каб даць студэнтам магчымасць зарабіць у будатрадах менавіта ў сферы мастацтва, напрыклад, робячы роспісы.
— Чаму, па-Вашаму, БДАМ прэстыжная навучальная ўстанова?
— Думаю таму, што акадэмія мае кадравы патэнцыял, прасоўвае навуку ў краіне і за мяжой. Тут сумленны конкурсны адбор на навучанне. У нас у індывідуальным парадку гарантуецца раскрыццё здольнасцяў кожнага студэнта. Нашы выпускнікі дэманструюць адданасць мастацтву. У выніку адзначу, што ўзровень адукацыі ў БДАМ досыць перадавы.